“Праблем з цукрам не чакаецца”



Праблем з цукрам у Беларусі не чакаецца, цэны стабільныя. Пра гэта заявіў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў, перадае БелТА.

“У адпаведнасці з планам будзе праведзена ўборка цукровых буракоў. Ураджай добры, цукрыстасць высокая, таму праблем з цукрам мы не чакаем. На сёння попыт умераны, ажыятажу мы не бачым. Сярэдняя цана на цукар на рынку склалася дастаткова стабільная – у раёне 2,59 рубля і адпавядае рынку РФ”, – сказаў Аляксей Багданаў, піша “Зеркало”.

Па дадзеных Белстата, цукар у студзені-жніўні гэтага года падаражэў на 15,4% да аналагічнага леташняга перыяду. З пачатку гэтага года прыбаўка склала 1,4%. Яшчэ ў ліпені ва ўрадзе заяўлялі, што сёлета Беларусь можа сутыкнуцца з цяжкасцямі пры пастаўках насення буракоў.

Беларусы спяшаюцца прадаваць дроны

Пасля прыняцця ўказа пра забарону дронаў для фізічных асоб беларусы сталі актыўна пазбаўляцца гэтай тэхнікі. Часам прадаюць за бясцэнак.

Да прыкладу, 27 верасня ў першай палове дня на гандлёвай пляцоўцы “Куфар” было размешчана 389 аб’яў аб продажы дронаў. Цэны на іх вар’іруюцца ад 50 рублёў да больш як 3000 рублёў. У некаторых выпадках аўтары аб’яў тлумачылі, што прадаюць квадракоптары ў сувязі з пераездам, пераходам на новую мадэль або таму што ён “ляжыць без справы”. Часцей за ўсё прычына продажу не пазначана, але дата размяшчэння аб’яў супадае з прыняццем указа, які забараняе мець такую тэхніку.

Нагадаем, 25 верасня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ “Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў”. Дакументам уводзіцца забарона ўвозу, захоўвання, абароту, эксплуатацыі і вырабу беспілотнікаў для фізічных асоб.

Ліміты на мяжы ў 1000 еўра працягнулі яшчэ на паўгода

Планавалася, што з 1 кастрычніка для беларусаў мелі значна зменшыцца бязмытныя ліміты правозу тавараў на мяжы — з 1000 да 500 еўра. Тое ж самае мела тычыцца і міжнародных пасылак. Але пакуль што зрабілі адтэрміноўку. 26 верасня, на пасяджэнні Рады Еўразійскай эканамічнай камісіі актуальныя нормы працягнулі да 1 красавіка 2024 года.

Цяпер, калі чалавек перасякае мяжу ў наземных пунктах пропуску, бязмытна ён можа завезці тавары, кошт якіх не перавышае эквівалент 1000 еўра, а вага не большая за 31 кг. Ва ўсіх выпадках гаворка ідзе пра рэчы для асабістага карыстання. Пры замове міжнародных пасылак аналагічныя правілы. Калі чалавек ляціць самалётам, то ліміты прыкметна вышэйшыя — 10 000 еўра і 50 кг. Такія правілы ўвялі вясной 2022-га на паўгода, потым некалькі разоў падаўжалі, прыгадвае “Наша Ніва”.

Яшчэ больш расейскіх турыстаў прыедзе ў Беларусь

Расейскія турыстычныя кампаніі, якія прадаюць падарожжы ў Беларусь, у бліжэйшы час пяройдуць на выплату ПДВ па нулявой стаўцы. Гэты бізнес будзе прыраўнаваны да аператараў унутранага турызму. Такое абяцанне даў кіраўнік Міністэрства эканомікі і развіцця Расеі Максім Рашэтнікаў, піша ТАСС. Паводле слоў міністра, абнуленне ПДВ для тураператараў, якія працуюць з Беларуссю, знізіць для іх суму фінансавага забеспячэння. Іншая выгада – стымуляванне актыўнасці ў турыстычнай галіне ўзмоцніць інтэграцыю ў Саюзнай дзяржаве.

Як піша Office Life, Беларусь павялічыла экспарт турыстычных паслуг на 35 працэнтаў за сем месяцаў бягучага года, да $116 млн. У мінулым годзе Беларусь наведалі 136 тысяч расейскіх турыстаў.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: RFE/RL