Чаму рэжым адразае людзей ад ангельскай мовы 



Смех-смехам, але калі цяперашняя версія лукашэнкаўскага рэжыму праіснуе адносна доўга, можа ўзнікнуць сітуацыя, калі рэпетытар па ангельскай мове аўтаматычна можа стаць «здраднікам радзімы». Рэжым Лукашэнкі рукамі пракуратуры абмяжоўвае вывучэнне ангельскай мовы. Маўляў, не варта гадаваць агентаў заходняга ўплыву.

Рэжыму патрэбныя спецыялісты па пашыву ўніформы, а не вось гэта ўсё, што дае выхад на вольны інфармацыйны свет.

Колькі тысяч чалавек прайшлі праз лукашэнкаўскія прамысловыя зоны за кратамі? Тых чалавек, якія маюць вышэйшую адукацыю, і адпаведныя прафесіі? Калі-небудзь гісторыкі падлічаць.

Але факт у тым, што Лукашэнка можа быць інтуітыўна, а можа асэнсавана, адразаў грамадзян Беларусі ад адукаванасці.

Барацьба з ангельскай мовай пачалася не сёння.

Будучы глыбока неадукаваным чалавекам, Лукашэнка не толькі помсціць адукаваным за 2020-ы год. Лукашэнка разумее, што кіраваць прасцей яшчэ больш неадукаванымі. Пазіцыя я дырэктар саўгасу, а вы – мае неадукаваныя рабы, для яго, для Лукашэнкі, зразумелая.

Кожны адэкватны беларус ганарыцца тым, што наша краіна, прынамсі, да 2020 году, была пятай ІТ-краінай.

За мяжой забаўна назіраць, калі пра Беларусь пачынаюць згадваць старымі стэрэатыпамі кшталту «бульба», «трактар», «чысціня». А ты такі: «І пятая ў свеце ІТ-краіна. А чацвертая – мільярдная Індыя».

Адукаванасць беларусаў і вывела на Маршы ў 2020 годзе. Адукаванасць – незалежнасць ад дзяржавы. Ты сам сабе знаходзіш даход. Лукашэнка не патрэбны. А калі ведаеш ангельскую мову, то Лукашэнка зусім не патрэбны.

Сядзіш сабе на Балі з ноўтбукам, а калі хочаш, можаш вярнуцца ў Беларусь, абняць сваякоў і сяброў.

Спачатку неабходнасць мяняць пашпарт толькі ў Беларусі, цяпер абмежаванне вывучэння ангельскай мовы.

Пры гэтым Лукашэнка ганарыцца тым, што ягоны сын Коля ведае і ангельскую і кітайскую.

Такім чынам, мы бачым чарговую прыкмету збудавання каставасці. 

У касту жрацоў, то бок, далучаных да ведаў, могуць трапіць толькі адданыя ўладзе. То бок Лукашэнку. А нелаяльныя, нават калі яны суперздольныя да навукаў, гэтым людзям адзін шлях – шыць спецвопратку на рабочай зоне лагера для перавыхавання.

Лукашэнка спрабуе зрабіць з краіны такі лагер. Але вось жа незадача – змянілася генерацыя. І тыя, хто заганяе людзей у лагер, на парадак ніжэй развітыя, чым большасць, якую заклікалі знізіць да інтэлектуальнага ўзроўню дыктатара.

Патрэбныя дзесяцігоддзі адмоўнай селекцыі, каб амаль дзесяць мільёнаў насельніцтва перарабіць на падабенства маўклівай хатняй жывёлы.

Няма ў лукашыстаў ні часу ні магчымасцяў на стварэнне такога масавага злачынства.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя