Агляд прэсы: Выйсця няма?



Войскі тэрытарыяльнай абароны Беларусі выкарыстоўваюць захоплены ўкраінскі КрАЗ «Кобра». Наступствы тэракту ў Косава. Францыя выводзіць войскі з Нігера. Пытанне этыкі ХХІ стагоддзя. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Войскі тэрытарыяльнай абароны Беларусі выкарыстоўваюць трафейныя КрАЗы „Кобра” ўкраінскай вытворчасці», – паведамляе ўкраінскае выданне Ukrainian Military Center.

«Бронеаўтамабіль, перафарбаваны ў чорны колер, быў заўважаны на палігоне Асіповіцкі, які належыць 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгадзе. Варта адзначыць, што пра закупку бронетэхнікі ўкраінскай вытворчасці для патрэб сілавых структур Беларусі раней не паведамлялася. Верагодней за ўсё, гэтую Кобру беларусы атрымалі ад расейскіх войскаў ці наймітаў Вагнера, якія захапілі яе ва УС Украіны. Візуальных доказаў знішчэння або захопу гэтай бронетэхнікі не апублікавана. Нагадаем, на Асіповіцкім палігоне найміты з «ПВК Вагнера» трэніравалі войскі беларускай тэрытарыяльнай абароны. Падчас вучэнняў войскі беларускай тэрытарыяльнай абароны адпрацавалі задачы па блакаванні і знішчэнні дыверсійна-выведвальных груп на перасечанай мясцовасці. Адпаведна адпрацоўваўся сцэнар затрымання групы марадзёраў, якія здзейснілі ўзброены налёт на краму ў горадзе Вяззе. Акрамя таго, АУС адпрацоўвалі супрацьдзеянне дыверсантам, якія ўжывалі стралковую зброю і беспілотны лятальны апарат. Напрыканцы вучэнняў кіраўнікі райвыканкамаў правялі стральбу з пісталетаў ТТ, аўтаматаў Калашнікава, а таксама аўтаматаў і РПГ-7В. Акрамя таго, на вучэннях адбылася прэзентацыя новых беспілотнікаў, сістэм перахопу і выведкі», — сочыць за сітуацыяй украінскае выданне.

***

Пасля самага вострага за апошнія гады інцыдэнту паміж Косава і Сербіяй на старонках еўрапейскай прэсы разгарнуліся дэбаты аб будучыні рэгіёна. Пры пасрэдніцтве Еўразвяза паміж абодвума бакамі ідуць перамовы аб нармалізацыі сітуацыі і разрадцы напружанасці, аднак поспеху пакуль дасягнуць не ўдалося. Прышціна не жадае пагаджацца на пашырэнне правоў самакіравання для абшчын у Косава, населеных пераважна этнічнымі сербамі. «У канфлікце паміж Сербіяй і Косава Еўропа павінна тлумачыцца вельмі выразна», – з такім заклікам выступае люблянская газета Dnevnik.

«І Сербія, і Косава цудоўна разумеюць, пра што спрачаюцца. Або Косава будзе суверэннай дзяржавай з усімі правамі, альбо зноў акупаванай тэрыторыяй. Палітыка абедзвюх краін заснавана на нацыяналізме, які ўжо ў 1990-я гады дрэнна паддаваўся кантролю. Палітыкі Еўрасаюза павінны, прынамсі, пачаць гаварыць выразнай і недвухсэнсоўнай мовай. Так, у выпадках, калі мае месца ўсяго толькі недастатковае разуменне, некаторая туманнасць можа быць слушнай. Але ў выпадку канфліктаў яна вядзе толькі да неразумнай палітыкі» – піша штодзённая славацкая газета.

***

Праз два месяцы пасля вайсковага перавароту ў Нігеры прэзідэнт Францыі Макрон абвясціў пра тое, што да канца года Францыя цалкам выведзе кантынгент колькасцю каля 1 500 салдат, які яшчэ застаецца там, а таксама адкліча свайго амбасадара. Ваенная хунта, якая захапіла ўладу ў гэтай заходнеафрыканскай краіне, закрыла паветраную прастору для французскіх самалётаў. «У існуючых умовах гэта было адзіна правільным рашэннем», – мяркуе лонданскі часопіс The Economist.

«Гэта збольшага прагматычнае разуменне таго, што хунта на саступкі не пойдзе і што суседнія краіны, нягледзячы на гучныя заявы, наўрад ці зробяць спробу адхіліць путчыстаў ад улады. Гэты крок таксама стаў сведчаннем таго, што ў Парыжы хоць са спазненнем і неахвотна, але ўсвядомілі, што па адыходзе Францыі па кантыненце быў нанесены балючы ўдар. У вачах маладога пакалення жыхароў Нігера, шмат у чым у выніку эфектыўнай кампаніі па дэзінфармацыі з боку Расеі, Францыя паўстае не рашэннем, але праблемай. Калі б французскі воінскі кантынгент і французскія дыпламаты засталіся ў краіне насуперак патрабаванням путчыстаў, справа магла б дайсці да вельмі непрыемнай канфрантацыі», – нагадвае брытанскае выданне.

***

У Даніі актыўна абмяркоўваецца пытанне аб павышэнні лімітавага тэрміну, да якога дазволена праводзіць аборт. Нацыянальная рада па этыцы рэкамендуе павялічыць тэрмін з цяперашняга 12-га да 18-га тыдня цяжарнасці. «Той факт, што тое ці іншае рашэнне прынятае незалежна і самастойна, зусім не робіць яго абавязкова дакладным з этычнага пункту гледжання», – адзначае дацкая газета Kristeligt Dagblad.

«Адзін з галоўных аргументаў у абарону права на аборт – гэта самавызначэнне жанчын, якія зацяжаралі. Гэты аргумент пераважае ва ўсіх дыскусіях аб маральным баку справы, аднак самавызначэнне зусім не раўназначнае этычнасці. У наяўнасці відавочная трывіялізацыя дыскусіі аб тым, што этычна, а што – не. Можна меркаваць, што ты дзейнічаеш у духу самавызначэння, і пры гэтым прыняць няправільнае рашэнне. Узвядзенне самавызначэння ў ранг этыкі – адна з найвялікшых памылак нашага пакалення», – канстатуе дацкае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя