Працяг маштабнай аблавы ў Ваўкавыску



Сілавікі паведамілі пра новых затрыманых. Сярод іх — намеснік галоўнага доктара па медыцынскай частцы філіяла №6 санаторыя «Пралеска» Андрэй Тарасевіч.

Сёння мужчыну споўнілася 53 гады. Калі верыць сацсеткам, ён доўгі час працуе доктарам у Ваўкавыску. Тарасевічу закідаюць «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (што цяпер звычайна азначае рэпосты з незалежных каналаў). Другі з затрыманых — Ягор Данько. Працуе на «Беллакце». Яго вінавацяць у «паведамленнях у падтрымку Украіны ў тэлеграме». Затрымана і яшчэ адна супрацоўніца «Беллакта» Аксана Шырынга за нібыта «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

У відэа з затрыманымі паказалі таксама Дзяніса Арцістава. Яго таксама вінавацяць у «распаўсюдзе экстрэмізму». Імаверна, лік затрыманых у Ваўкавыску падчас нядаўніх аблаў ідзе на дзясяткі. Праваабаронцы звязваюць актыўнасць сілавікоў у Ваўкавыску з інцыдэнтам, які адбыўся днямі ў горадзе. Па інфармацыі «Вясны», на адным з выклікаў (побытавая сітуацыя, не звязаная з палітычным пераследам) быў збіты супрацоўнік міліцыі. Пасля гэтага ў горад адправілі сілавікоў з Менску і Гародні, якія і пачалі «зачыстку».