Алег Рудакоў і яго жонка на волі, іх збіраюцца дэпартаваць



Былы кіраўнік Таварыства беларускай культуры ў Іркуцку Алег Рудакоў і ягоная жонка Вольга адбылі 30 сутак арышту, паведамляе агенцтва BPN. Ім сказалі рыхтавацца да суда па дэпартацыі ў Расею.

Як паведамлялася, Рудаковы былі затрыманыя 24 жніўня ў Полацкім раёне і асуджаныя за нібыта «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Рудаковых затрымалі ў іх доме ў вёсцы Бяздзедавічы. Міліцыя сказала, што іх адвязуць у горад на размову гадзіны на тры, таму яны не бралі з сабой зменных рэчаў і сродкаў гігіены. Як вядома, Алег Рудакоў нарадзіўся ў Беларусі. Больш за 30 гадоў пражыў у Расіі, дзе стварыў і на працягу 17 гадоў узначальваў у Іркуцку Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага.

У 2020 годзе канчаткова вярнуўся ў Беларусь. Яго жонка Вольга вядзе майстар-класы па традыцыйным беларускім гафту ў полацкім Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я. У красавіку 2010 года ўказам Лукашэнкі Рудакоў быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.