Чакаем новых сведкаў па Нюрнбергу для лукашызму



Швейцарскі суд апраўдаў Юрыя Гараўскага, былога міліцэйскага спецназаўца. Вердыкт апублікаваны 28 верасня ў судзе кантону Санкт-Гале. Гараўскі ў 2019 годзе звярнуўся да швейцарскіх уладаў з прызнаннем ва ўдзеле ў выкраданні былога міністра МУС Юрыя Захаранкі, былога бізнесоўца Анатоля Красоўскага і былога галавы Цэнтрвыбаркаму Віктара Ганчара. І вось такі лагодны вырак ад суда.

На момант вечара 28 верасня мы пакуль не ведаем з якіх нюансаў складаецца судовы дакумент. Ролю можа граць і даўніна падзеяў, якія адбываліся ў 1999 годзе. А можа і факт добраахвотнага прызнання. Таксама можна дапусціць, што Юры Гараўскі заключыў здзелку з швейцарскімі спецслужбамі, і распавёў значна больш, чым агучваў пад час судовых паседжанняў.

Гэта ўсё версіі, але факт у тым, што чалавек з чорнай старонкай у сваёй біяграфіі застаецца на свабодзе.

Я ўжо бачу па першых рэакцыях у сацсетках, што шмат каму такое судовае рашэнне не спадабалася.

Вось цытата з апошняга слова Юрыя Гараўскага перад закрыццём слуханняў:

«Паважаны суд. Вы зараз будзеце прымаць рашэнне. Калі вы вынесеце суровае рашэнне, больш ніхто ў свеце не будзе паведамляць пра злачынствы ўлады. Я прашу прабачэння ў блізкіх і сваякоў загінулых, разлічваю на справядлівае пакаранне швейцарскага суду» . 

Мне падаецца, што Юры Гараўскі ўсё сам патлумачыў.

Мы бачым, што суд пайшоў насустрач логіцы Гараўскага, які простай мовай, троху цынічна, але па сутнасці сказаў як ёсць.

Мала каму перад тым вядомы кантонны, лічы – раённы, суд у Швейцарыі адкрыў дарогу для падобных да Юрыя Гараўскага дзеячаў.

28 верасня ў Кіеў з нечаканым, то бок, неанансаваным, візітам прыбылі генсек NATO і міністры абароны Нямеччыны і Францыі, двух самых моцных дзяржаваў на еўрапейскім кантыненце. Гэта значыць, што Расею, а следам і Лукашэнку, будуць далей ціснуць.

А тут у Швейцарыі дэманструюць куды можна здавацца і даваць паказанні супраць злачынцаў міжнароднага маштабу.

Бо знікненне Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і Віктара Ганчара, а годам пазней відэаператара Змітра Завадскага, усе аналітыкі наўпрост звязваюць з персонай Лукашэнкі.

Гісторыя складаная што да этыкі. Бо калі чалавек прызнаецца, то мусіць быць пакараны хоць так, хоць гэтак.

З іншага боку, мы бачым, што для маштабных грамадска значных праектаў можна ахвяраваць пэўнымі рэчамі, такімі як этыка.

Што ж, чакаем новых сведкаў па Нюрнбергу для лукашызму.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя