Як беларусам жывецца ў Вялікабрытаніі
Калі ёсць інфармацыйныя нагоды, тады нават у невялічкіх ангельскіх гарадах збіраюцца разам беларусы. Але з большага актыўнасці на беларускую тэму зараз анлайн ці ў Лондане, – распавяла беларуска Марына Высоцкая:
— Цяпер я ў Вялікабрытаніі. Сачу за падзеямі ў Беларусі штодня, чытаю, слухаю, што адбываецца. Гэта натуральна для мяне, бо я беларуска, а як можна інакш?
РР: У чым вы прымаеце ўдзел? Ці актыўныя вы ў беларускай дыяспары? Ці трымаеце кантакт з іншымі беларусамі?
— У маім горадзе практычна няма беларусаў, некалькі чалавек. Ёсць украінскія вялікі чат і суполка, больш за 600 людзей. Ёсць расейскамоўны чат, я далучылася да яго гады чатыры таму, але там вельмі няўтульна беларусам: я прасіла дапамогі ў 20-м годзе, каб разам нешта такое рабіць, але такая была рэакцыя, што больш я ў чаце не пішу нічога, так што з беларусаў тут 3,5 дзяўчынкі, але мы ніяк не сустракаліся. Тут дыяспары і нейкіх актыўнасцяў няма. У Лондане ёсць. Я была на оперы Беларускага свабоднага тэатру „Дзікае паляванне караля Стаха“. Там я бачыла многа знаёмых твараў, і я зразумела, што ўсё актыўнае жыццё ў Вялікабрытаніі адбываецца ў Лондане.
Беларуска Марына Высоцкая дадала, што цяпер у сувязі з вайной ва Украіне беларусы Вялікабрытаніі таксама ладзяць шмат мерапрыемстваў зараз з украінскімі калегамі.
Беларускае Радыё Рацыя