Мінімальны заробак у Польшчы павысяць двойчы ў год



Фота: immigrant.today

У будучым годзе мінімалка ў Польшчы будзе павышаная двойчы. Пра гэта паведаміла міністр па справах сям’і і сацыяльнай палітыкі Марлена Малёнг.

З 1 студзеня польскі мінімальны заробак складзе 4 242 злотых (926 еўра), а з 1 ліпеня – 4 300 злотых (938 еўра). Павысіцца таксама мінімальная пагадзінная стаўка. Са студзеня яна складзе 27 злотых і 70 грошаў (6,04 еўра), а з пачатку ліпеня – 28 злотых і 10 грошаў (6,13 еўра):

Адначасна працягне рост і сярэдні заробак, які, паводле прагнозаў Міністэрства фінансаў, у 2027 годзе складзе амаль 10 тысяч злотых, піша “Беларуская служба Польскага радыё”.

У Літве затрымалі буйную партыю кантрабандных беларускіх цыгарэт

Партыю кантрабандных беларускіх цыгарэт знайшлі ў фуры, якая прыбыла ў Літву праз пункт пропуску “Райгардас” (з беларускага боку “Прывалка”), паведаміла літоўская мытня.

Цыгарэты везлі з Беларусі пад выглядам пелетаў з лускі сланечніка. Грузавым аўтамабілем кіраваў грамадзянін Беларусі. Ён заявіў, што вязе 20,5 тон пелетаў у Польшчу транзітам праз Літву. Аўтамабіль адправілі на сканаванне, бо мытнікі западозрылі, што замест заяўленага грузу перавозіцца кантрабанда. Як выявілася, за мяхамі з пелетамі былі схаваныя каробкі з цыгарэтамі. Агулам канфіскавалі 900 тысяч пачкаў цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі. Іх кошт ацанілі ў 3,7 млн еўра. Кіроўцу затрымалі, але пазней вызвалілі пад заклад, піша “Радыё Свабода”.

Агулам за першае паўгоддзе 2023 года літоўская мытня затрымала амаль 6,5 млн пачкаў беларускіх цыгарэт і 32 тоны тытуню. Агульны кошт кантрабанды перавышае 26 млн еўра.

У Беларусі ўпершыню будуць вырошчваць памідоры ўзімку

У Беларусі ўпершыню возьмуцца за вырошчванне памідораў узімку. Гаворка пра гэта ішла на ўрадавай нарадзе. Прадстаўнік Мінсяльгасхарчу Мікалай Лешык паведаміў, што ўжо вызначаныя 10 цяплічных арганізацый, якія будуць займацца вырошчваннем гуркоў і памідораў у міжсезонны перыяд.

У той жа час гендырэктар прадпрыемства “ДарАРС” Міхаіл Міхалёў заявіў, што памідоры ў іх ужо растуць. Але для даспявання іх давядзецца “дасвятляць”. “Гэта першы тамат у Беларусі на дасветцы. Раней мы тамат зімой не вырошчвалі. Праўда, будзе яго няшмат. На плошчы 2,5 га мы будзем атрымліваць да 200 тон у месяц. Але гэта будуць ужо таматы, на якіх мы адпрацуем тэхналогію вырошчвання, навучым тэхнолагаў, аграномаў, якія потым наш вопыт распаўсюдзяць на іншыя камбінаты краіны”, — падзяліўся падрабязнасцямі дырэктар, словы якога перадае “Еўрарадыё”.

Колькі ў Беларусі настаўнікаў і якія ў іх заробкі

У Беларусі сёння працуюць 2900 школ, у іх – 105,1 тысяч настаўнікаў і амаль 1,1 мільён вучняў. Пра гэта распавялі ў Белстаце.

Намінальны налічаны сярэдні заробак настаўнікаў за студзень-жнівень склаў 1 574 рублі, гэта амаль на 14 працэнтаў больш, чым годам раней. Тыповы партрэт беларускага настаўніка – гэта жанчына з вышэйшай адукацыяй, з вышэйшай або першай кваліфікацыйнай катэгорыяй, са стажам працы большым за 15 гадоў, заўважае Office Life.

Беларускае Радыё Рацыя