Беларусы Варшавы адзначылі другую гадавіну гібелі Андрэя Зельцара
Беларусы Варшавы адзначылі другую гадавіну гібелі ад рук рэжыму ІТ-спецыяліста з Менску Андрэя Зельцара. Ён стаў першым грамадзянінам Беларусі, які аказаў узброены супраціў бандытам у масках, якія гвалтоўна, па-бандыцку ўварваліся да яго ў кватэру.
Як пазней стала вядома, гэта былі супрацоўнікі КДБ, кажа ўдзельнік акцыі Зміцер Лупач:
-Некалькі дзясяткаў беларусаў сабралася каля амбасады Беларусі. Яны нагадалі лукашэнкаўскім уладам пра тое, што яны памятаюць сваіх герояў. Выступоўцы звярнулі ўвагу на тое, што мы памятаем сваіх герояў, прыйдзе час, і імёнамі гэтых людзей будуць названыя вуліцы, ім будуць стаяць помнікі. Таму што Зельцар ніякі не бандыт, як спрабуюць яго прадставіць лукашэнкаўскія ўлады. Ён абараняў сваё жыллё, тым больш, што яны прыйшлі без формы, без ніякіх знакаў і выглядалі сапраўды як бандыты.
Удзельнікі акцыі асудзілі марыянетачны, варварскі рэжым, які ператварыў Беларусь у калонію Расеі, які тры гады рэпрэсуе насельніцтва, знішчае эліту нацыі. Па словах выступоўцаў, у Вольнай Беларусі ўсім загінулым і закатаваным героям Беларусі будуць пастаўлены помнікі, іх імёнамі назавуць вуліцы.
Беларускае Радыё Рацыя