Для чаго Лукашэнка ўзяўся за дроны?



Адмысловым указам самапрызначанага начальніка Беларусі ў краіне жорстка абмяжоўваецца выкарыстанне дронаў. Нагадала як на пачатку 1990-х трэба было рэгістраваць факсы, але ніхто не следаваў гэтым правілам.

Хто прапусціў інфармацыю, то сутнасць у наступным. Дроны нельга ўвозіць у Беларусь. Хто з прыватных асобаў мае лятучую машынку, мусіць яе цягам бліжэйшага часу прадаць. Купіць могуць юрыдычныя асобы і ІП (індывідуальныя прадпрымальнікі), але з кучай усялякіх абмежаванняў.

За апошнія тры гады падначаленыя Лукашэнкі напладзілі мноства забараняльных як бы законных актаў. Дадамо сюды яшчэ прынцып працы карных органаў «інагда не да законаў», калі ГУБАЗіК вырашае «што такое харашо і што такое плоха», не зазіраючы ў крымінальны ці адміністратыўны кодэкс. Цяпер вось барацьба з дронамі.

Але штаты карнікаў у пагонах і мантыях не павялічыліся. Наадварот, гаворка пра адток прафесіяналаў і набор на працу ледзь не па аб’явах.

Я магу дапусціць, што далёка не ўсе беларусы пазбавяцца ад сваіх дронаў. Пакуль не зразумела якія адміністрацыйныя ці крымінальныя пакаранні прыдумалі па тэме дронаў.

Я ўсё прыгадваю кадры з 2020 году, дзе Лукашэнка вельмі ўстрывожана кажа на камеру пра амерыканскія спадарожнікі, якія «усё бачаць». Тады ўзурпатар улады прыгадаў свайго як бы колішняга прыяцеля Муамара Кадафі, якога лівійскія паўстанцы знайшлі дзякуючы амерыканскім спадарожнікам.

Дрон таксама выконвае заданні выведвацельнага характару. Але Лукашэнка наглядзеўся іншае. Ён бачыў як дроны сімвалічна бамбілі Крэмль, і вельмі не сімвалічна аэрадромы, порты і пункты вайсковага кіравання.

Некаторыя дроны запускаліся з тэрыторыі Украіны, а некаторыя таранілі расейскія вайсковыя і вайсковага прызначэння аб’екты непасрэдна з тэрыторыі Расеі.

Лета ў гэтым годзе зацягнулася. Верасень на дзіва мала даваў інфармацыйных нагодаў для шырокага абмеркавання. Свет у нашай частцы планеты як бы прытаіўся ў чаканні маштабных падзеяў.

Украінскі контрнаступ няўхільна рушыць, вызваляючы метр за метрам сваёй зямлі. Але маштабныя падзеі на фронце будуць магчымымі калі ва Украіны з’явіцца паўнавартасная авіяцыя.

Лукашэнка цалкам дапускае, што будзе ўцягнуты ў наземныя баявыя дзеянні. А тады ўмоўная нейтральнасць да яго з боку Украіны будзе парушаная.

Дыктатар можа ўжо і сам не ведае, што там у планах Пуціна, таму рыхтуецца на ўсялякі выпадак.

Але справа не ў дронах, а ў людзях. Наўрад ці сваімі карнымі дзеяннямі апошніх трох гадоў Лукашэнка прыдбаў сабе прыхільнікаў.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя