У Латвіі збіраюцца закрыць усе грамадскія СМІ на расейскай мове



28 верасня дэпутаты Сойму Латвіі ўхвалілі праект Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, адзін з пунктаў якой прадугледжвае закрыццё латвійскіх грамадскіх СМІ на расейскай мове. За прагаласавалі 68 парламентароў, супраць выступілі 10 дэпутатаў. Пра гэта паведаміў партал Delfi.

У раздзеле канцэпцыі «Прадухіленне пагрозаў, што ствараюцца для латвійскай інфармацыйнай прасторы» фігуруе наступны пункт: «Улічваючы, што ў Латвіі адбываецца ўмацаванне ролі дзяржаўнай мовы ва ўсіх сферах жыцця, з 1 студзеня 2026 года кантэнт, які ствараецца грамадскімі медыя, павінен быць толькі на латышскай мове і мовах, якія належаць да Еўрапейскай культурнай прасторы, такім чынам будзе ўмацаваная прыналежнасць жыхароў Латвіі да адзінай інфармацыйнай прасторы, якая абапіраецца на латышскую мову і іншыя мовы ЕЗ, Еўрапейскай Эканамічнай зоны і мовы краін-кандыдатаў на ўступленне ў ЕЗ. Кантэнт на расейскай мове ў камерцыйных медыя за прыватныя сродкі працягне прысутнічаць».

Раней Латвійскае радыё і Латвійскае тэлебачаньне (LTV) выступілі супраць забароны на стварэнне з 2026 году кантэнту грамадскіх СМІ на расейскай мове.

Рада грамадскіх электронных СМІ (SEPLP) таксама заклікала Сойм адмовіцца ад плану спынення вытворчасці расейскамоўнага кантэнту ў грамадскіх СМІ праз тры гады.