Яўген Мірановіч: Вайна ўсіх з усімі
8 траўня ў краінах Еўразвязу, Балтыі, а цяпер і ва Украіне, Малдове, Грузіі гэты дзень адзначаецца як дзень памяці ахвяраў Другой сусветнай вайны. Па традыцыі, у Беларусі і Расеі, а таксама большасці постсавецкіх краінаў дата перамогі будзе адзначацца 9 траўня. Літаральна за некалькі дзён да гэтых урачыстасцяў з нагоды 70-годдзя заканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе выйшла кніга прафесара гісторыі Беластоцкага ўніверсітэта Яўгена Мірановіча “Вайна ўсіх з усімі на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 гадах”.
РР: Мушу запытаць вас пра вокладку кнігі: чыя гэта ідэя?
Яўген Мірановіч: У кракаўскім выдавецтве, калі чыталі гэтую кніжку, нарадзілася такая ідэя, каб змясціць на вокладцы ўсе гэтыя сімвалы. Яны адпавядаюць выступаючым бакам канфлікту на тэрыторыі Беларусі і вельмі дакладна перадаюць загаловак – “Вайна ўсіх з усімі”. Пры гэтым вельмі дакладна адлюстроўваюць змест кнігі.
РР: Вы спрабуеце паказаць вайну на тэрыторыі Беларусі з розных бакоў: з боку немцаў і нямецкай адміністрацыі, з боку савецкай адміністрацыі, а таксама з боку міжнацыянальных адносін. Якой гэта вайна была?
Яўген Мірановіч: Атмасфера, якая была тады ў Беларусі, насамрэч стваралася напачатку ХХ стагоддзя, ад Першай сусветнай вайны, калі фактычна з’явіліся ўсе чыннікі, якія існавалі падчас нямецкай акупацыі. Варта прыгадаць, што немцы былі на тэрыторыі Беларусі ўжо ў час Першай сусветнай вайны, было расейска-нямецкае змаганне за тэрыторыю Беларусі. Таксама напрыканцы Першай сусветнай была спроба стварэння беларускай дзяржаўнасці. У выніку пасля польска-расейскай (ці польска-савецкай) вайны тэрыторыя Беларусі была падзелена. Так ці інакш, змаганне за тэрыторыю Беларусі ішло ад Першай сусветнай вайны.
Пасля яе падзелу кожны з бакоў стараўся прымусіць беларусаў да адабрэння палітыкі, якая праводзілася на той тэрыторыі. Так, на землях Заходняй Беларусі праходзіла палітыка асіміляцыі, якая паўплывала на жорсткасць канфлікту ў час Другой сусветнай вайны, ва ўмовах нямецкай акупацыі. Гэтыя настроі нарасталі цягам дзясяткаў гадоў.
На тэрыторыі Усходняй Беларусі праводзіліся ўсе тыя савецкія эксперыменты. Тая ж калектывізацыя, сталінскі перыяд, пераслед інтэлігенцыі. І ўсё гэта мела ўплыў на паводзіны жыхароў Усходняй Беларусі ва ўмовах нямецкай акупацыі.
РР: У падручніках гісторыі, калі ідзе гаворка пра ваенны час, чытаем пра вайну на тэрыторыі Генеральнай акругі, на ўсходзе Беларусі. У вас – уся этнічная беларуская тэрыторыя: тут і Беласточчына, і Гарадзеншчына, і нават Палессе. Чым жа адрознівалася вайна на Гарадзеншчыне, Беласточчыне, Берасцейшчыне ад той вайны, якая была на ўсходзе і ў цэнтры Беларусі?
Яўген Мірановіч: У залежнасці ад таго, якой правінцыі належыла частка Беларусі, такую палітыку і праводзілі. Статус Беласточчыны быў зусім іншы. Яна была далучана да рэйху – правінцыі Усходняя Прусія.
Іншая палітыка праводзілася на тэрыторыі камісарыята “Беларусь”. Мясцовыя камісары праводзілі лакальную палітыку. А таксама іншая палітыка была ў акрузе “Беларусь”.
На тэрыторыі Усходняй Беларусі было найгорш. Там савецкі бок вызначыў канкрэтныя задачы для свайго падполля, якое там дзейнічала: дэстабілізаваць транспарт, усё гаспадарчае жыццё, каб аблегчыць подступ да савецкага фронту. Савецкае падполле да 1943 года амаль не выступала на тэрыторыі Заходняй Беларусі. І таму тут жорсткасць акупацыйнай палітыкі была значна меншая, чым на ўсходзе Беларусі.
Таксама на тэрыторыі Беларусі, якая знаходзілася пад нямецкай адміністрацыяй, мела месца спроба пераканання беларусаў да адабрэння нямецкай палітыкі. Гэта значыць, што стваралася перспектыва, што неўзабаве ўлада будзе перададзена беларусам, беларусаў заклікалі ў паліцыю, адміністрацыю. Была спроба стварэння ілюзіі, што неўзабаве нешта беларускае тут узнікне. Але насамрэч нічога такога ў нямецкіх планах не было. Але каб аблегчыць сабе кіраванне на акупаванай тэрыторыі, былі такія захады.
РР: І тут раптам Саветы прыгадалі пра беларускую мову і беларускасць. У час вайны ўсе прапагандысцкія газеты і радыёперадачы былі на беларускай мове, якую знішчалі.
Яўген Мірановіч: Так, раней рашуча знішчалі ўсё беларускае. Але калі немцы прыйшлі да прапаганды па-беларуску, пачалі ствараць абавязковыя школы, дзе адукацыя вялася на беларускай мове, то савецкі бок вельмі хутка вырашыў, што нічога горшага, чым нямецкія акупанты, не можа быць. У планах было нават стварэнне беларускай савецкай арміі, якая змагалася б на Усходзе, і менавіта гэтая беларуская армія нібыта вызваліць Беларусь.
Усё гэта трывала да 1943 года, да Сталінградскай бітвы, калі вырашыліся лёсы ўсходняга фронту. Тады і закончылася змаганне за пашырэнне нацыянальнай палітыкі ў адносінах да беларускага насельніцтва. Калі падагульніць, то ў асноўным прапаганда савецкага падполля вялася на беларускай мове. Прыязджалі людзі, якія не былі беларусамі, не ведалі беларускай мовы, але менавіта яны праводзілі тую палітыку – беларусізацыю ў выглядзе прапаганды.
РР: І пасля вайны тая беларускасць была прыкметай і “верным білетам” у Сібір.
Яўген Мірановіч: Так. Але гэта датычна тых, хто быў на нямецкім баку.
Таксама варта адзначыць, што пасля вайны палітыка беларусізацыі не скончылася. Яшчэ пару гадоў інтэлектуальнае жыццё вялося на беларускай мове, выдаваліся кніжкі і газеты па-беларуску, усе выступленні Сталіна перакладаліся на беларускую мову. І ў 50-х гадах зноў беларусізацыю змяняе палітыка русіфікацыі.
РР: У звычайным успрыманні людзі бачаць вайну на тэрыторыі Беларусі як вайну 2 таталітарных рэжымаў – савецкага і нямецкага. Вы ж спрабуеце паказаць і міжнацыянальныя адносіны беларусаў з палякаў, украінцамі…
Яўген Мірановіч: Гэта быў важны фактар у час нямецкай акупацыі. Палякі мелі на мэце ўтрымаць дзяржаву ў тых межах, у якіх яна існавала да 1939 года, утрымаць у сабе чалавечы патэнцыял, а таксама прыгадваць мясцоваму насельніцтву ў час акупацыі пра існаванне польскай улады. А разам з тым са згоды немцаў паўстала і беларуская адміністрацыя, беларуская паліцыя, цэнтры палітычнага беларускага руху, якія таксама імкнуліся да стварэння структуры дзяржаўнай улады на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
Заходняя Беларусь была тады месцам сутыкнення двух дзяржаўных і нацыянальных інтарэсаў. І тут не абышлося без ахвяраў такога канфлікту.
Тое сама, калі гаварыць пра тэрыторыю Палесся, якая была далучана да камісарыяту “Украіна”. Там, калі пыталі мясцовых жыхароў, якія школы яны хочуць мець, то большасць выбірала беларускія. А на практыцы адкрываліся ўкраінскія. Калі немцы ўключылі Палессе, цэнтрам якога было Берасце, у камісарыят “Украіна”, то перадусім спрыялі стварэнню ўкраінскай адміністрацыі. І на тэрыторыі Палесся быў канфлікт не толькі беларуска-ўкраінскі, але і польска-ўкраінскі, украінска-савецкі, савецка-польскі, савецка-беларускі. Поляў канфліктаў было шмат, і кожны з гэтых канфліктаў цягнуў вялікія ахвяры…
РР: Што для вас значыць гэтая гістарычная дата – 70 гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе?
Яўген Мірановіч: У мяне такая дата заўсёды выклікае рэфлексію. Кожны раз, калі я чую столькі рознай прапаганды, я задумваюся над іншым: што прывяло да такога кашмару, чаму мусіла пацярпець столькі мільёнаў людзей, хто ж вінаваты? Мяне здзіўляе адсутнасць пошуку адказаў на асноўныя пытанні. Простага сказу, што Гітлер быў нейкі шалёны, тут недастаткова. Ён жа не нарадзіўся на Марсе, не меў нейкіх касмічных сілаў, а выхоўваўся ў нармальным цывілізаваным грамадстве.
Гледзячы расейскае тэлебачанне, якое паказвае падрыхтоўку да святкаванняў гэтай даты, гаворыцца толькі пра перамогу. І на гэтым фоне знікае факт смерці 30 мільёнаў чалавек розных народаў. Я не бачу пошукаў ні ў Расеі, ні ў Беларусі, ні ва Украіне, ды нават у Польшчы адказаў, ці ўсё мы зрабілі, каб устрымаць той канфлікт. А гэта, на маю думку, асноўнае пытанне і для сучаснай палітыкі. Ці нельга было пазбегчы гэтых ахвяр? Бо кожны, хто загінуў, меў толькі адно жыццё. І большасць з іх загінула ў маладым узросце, не скарыстаўшыся з усіх яго прыемнасцяў напоўніцу…
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле
З Яўгенам Мірановічам гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя