Тэма дня: Мінуў тыдзень



Мінулы тыдзень стаўся апошнім у верасні, а сам месяц досыць дзіўным з інфармацыйнага пункту гледжання.

Звычайна з пачаткам восені актывізуюцца рознага кшталту грамадска значныя працэсы. У нашым, балта-чарнаморскім, рэгіёне Еўропы галоўныя працэсы адбываюцца ва Украіне і вакол яе.

Мільёны людзей у розных краінах, не толькі ва Украіне, жывуць надзеяй на разгром крамлёўскіх войскаў і шырэй – поўнае перафарматаванне паняцця бяспекі ў рэгіёне. Але мы бачым зацішша.

Што ж, маштабныя перамены прыходзяць нечакана. Будзем спадзявацца, што за кулісамі мерапрыемстваў для прэсы адбываецца штосьці важнае. Штосьці кшталту падрыхтоўкі ўкраінскіх лётчыкаў для самалётаў F-16.

Бо вызваленне Беларусі ад унутранай акупацыі наўпрост звязанае з аслабленнем Крамля.

_____________________________________

Значная падзея адбылася ў Швейцарыі 28 верасня. Яна хай сабе фармальна ўскосна, але насамрэч вельмі канкрэтна звязаная з лёсам тых, хто справай падтрымлівае Лукашэнку.

Швейцарскі суд апраўдаў Юрыя Гараўскага, былога міліцэйскага спецназаўца. Вердыкт апублікаваны 28 верасня ў судзе кантону Санкт-Гале. Гараўскі ў 2019 годзе звярнуўся да швейцарскіх уладаў з прызнаннем ва ўдзеле ў выкраданні былога міністра МУС Юрыя Захаранкі, былога бізнесоўца Анатоля Красоўскага і былога галавы Цэнтрвыбаркаму Віктара Ганчара. І вось такі лагодны вырак ад суду.

Напярэдадні вынясення прысуду сам Юры Гараўскі сказаў, маўляў, калі вы вынесеце суворае рашэнне, больш ніхто ў свеце не будзе паведамляць пра злачынствы ўлады.

Цынічна, з элементамі шантажу, але па сутнасці дакладна.

Мяркую, што швейцарскі суд пайшоў на здзелку з сумленнем у спадзеве, што адкрывае магчымасць для служак рэжымаў – пуцінскага і лукашэнкаўскага – бегчы здавацца, і атрымліваць лагодныя выракі ў абмен на каштоўную інфармацыю для выкрыцця большых па сваіх маштабах злачынцаў.

У нашым выпадку ніхто не сумняецца, што Лукашэнка міжнародны злачынца як саўдзельнік у агрэсіі супраць Украіны і выкраданні ўкраінскіх дзяцей. Але і пра ўнутраныя масавыя злачынствы свет мусіць ведаць. Пачынаючы ад палітычных забойстваў больш як дваццаці гадовай даўніны і да нашых дзён.

_____________________________________

На мінулым тыдні абвастрылася барацьба лукашыстаў з адукаванасцю падначаленага насельніцтва. Актыўнае вывучэнне ангельскай мовы паставіў пад сумнеў генеральны пракурор Андрэй Швед.

Калі цяперашняя версія лукашэнкаўскага рэжыму праіснуе адносна доўга, можа ўзнікнуць сітуацыя, калі рэпетытар па ангельскай мове аўтаматычна можа стаць «здраднікам радзімы». Рэжым Лукашэнкі рукамі пракуратуры абмяжоўвае вывучэнне ангельскай мовы каб, маўляў, не гадаваць агентаў заходняга ўплыву.

Насамрэч, мяркую, справа ў тым, што рэжыму патрэбныя спецыялісты па пашыву ўніформы, а не тое, што дае чалавеку выхад на вольны інфармацыйны свет.

Падзеі 2020 году ў Беларусі – гэта пратэст вольных людзей, не залежных ад дзяржавы, чытай – Лукашэнкі.

Поспех рэпрэсіўных захадаў па запужванні людзей і ператварэння грамадзян у паслухмяных невукаў можа быць толькі праз вельмі працяглы час. Ці ёсць у дыктатара такі рэсурс – залежыць ад усяго цывілізаванага свету.

Бо не можа быць спакою ў Еўропе, пакуль на мяжы Еўразвязу існуе людажэрны рэжым.

_____________________________________

Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» стартаваў 30 верасня ў асяроддзі беларускай дыяспары ў грузінскім горадзе Батумі.

Сярод выступоўцаў Святлана Курс, вядомая сваім чытачам пад псеўданімам Ева Вежнавец, Зміцер Бартосік з песнямі пад гітару, ён жа лаўрыят літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця, а таксама Зміцер Лукашук са сваім праектам «Беларуская нацыянальная ідэя».

Сам фестываль працягнецца да канца кастрычніка, і збярэ творчых людзей таксама ў Варшаве, Беластоку і Вільні.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя