“Марш мільёнаў сэрцаў” у Варшаве
Парламенцкія выбары ў Польшчы. У Варшаве працягваецца вялікая дэманстрацыя пад назвай “Марш мільёнаў сэрцаў”, якую яшчэ некалькі месяцаў таму анансаваў лідар “Грамадзянскай платформы”, адзін з вядучых апазіцыйных палітыкаў, Дональд Туск.
Да маршу далучыліся іншыя апазіцыйныя рухі, сярод якіх кааліцыйная “Трэцяя дарога”, а таксама кааліцыя Левых сіл. Паводле Дональда Туска, на вуліцах Варшавы ўжо каля мільёна чалавек.
Палітык звярнуўся да прысутных: “Немагчымае стала магчымым. Калі я бачу гэтае мора сэрцаў, калі я бачу сотні тысяч радасных твараў, то выразна адчуваю, што прыходзіць пераломны момант у гісторыі нашай Айчыны”, – казаў палітык.
У гэтым самы час у Катавіцах праходзіць вялікая канвенцыя кіроўнай партыі “Права і Справядлівасць”, якая будзе спрабаваць захаваць уладу ў сваіх руках на наступны тэрмін.