Агляд прэсы: Доўгая дарога дамоў
Габрэйскія могілкі ў Беларусі, знішчаныя нацыстамі, цяпер ператвараюцца ў мемарыял. Фіцо перамог Славакію. Экалогія па-французску. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Перад Другой сусветнай вайной Берасце — таксама вядомае, як Брэст-Літоўскі, або Брыск для яўрэйскай суполкі, якая там жыла — быў домам больш чым 20 000 яўрэяў і быў цэнтрам яўрэйскай культуры і вывучэння. Але калі горад быў вызвалены пасля Халакосту, у ім засталося каля 10 яўрэяў. Сёння яго насельніцтва складае больш за 300 тысяч чалавек. «На працягу амаль двух дзесяцігоддзяў яўрэйская супольнасць, а ў апошнія гады некамерцыйная арганізацыя The Together Plan і яе амерыканскае падраздзяленне Jewish Tapestry Project, заснаваная для дапамогі беларускім яўрэям — атрымлівалі такія званкі ад жыхароў Берасця, якія разам выявілі тысячы яўрэйскія надмагілляў у пабудовах свайго горада. Усе надмагіллі паходзяць з гістарычных могілак, якія былі знішчаны падчас і пасля Халакосту», – піша ізраільская газета The Jerusalem Post.
«Да канца наступнага года ініцыятыва The Together Plan плануе завяршыць мемарыял са знойдзеных надмагілляў. Яна знаходзіцца ў працэсе арганізацыі і каталагізацыі больш чым 3200 рэшткаў надмагілляў, якія выкарыстоўваліся пасля Другой сусветнай вайны ў будаўнічых праектах па ўсім горадзе. Памятны знак будзе ўсталяваны на некалі куцебылых могілак, крыху воддаль ад спартыўнага комплексу. Ён будзе зроблены з аскепкаў надмагільных пліт, якія былі здабыты за апошнія два дзесяцігоддзі, і будзе ўпрыгожаны дошкай з чорнага граніту з тэкстам на рускай, іўрыце і англійскай мовах. Тэрыторыя вакол мемарыяла будзе пакрыта дрэвамі, травой і палявымі кветкамі. Пытанне захавання яўрэйскіх могілак часам было спрэчным пытаннем у Беларусі. Яшчэ ў 2017 годзе беларускі суд зацвердзіў план будаўніцтва элітнага жылога дома на яўрэйскіх могілках у Гомелі, недалёка ад мяжы краіны з Украінай і Расеяй. Брэсцкая ўлада паабяцала ўтрымліваць мемарыял у сваім горадзе, але не вылучала ніякіх сродкаў непасрэдна на праект. Грошы паступілі ад дабрачынных арганізацый, у тым ліку з Ізраіля,» – падкрэслівае ізраільскае выданне.
Першае месца на выбарах у Славакіі з вялікім адрывам у лідэра Smer Роберта Фіцо, які займаў пасаду прэм’ер-міністра з 2006 па 2010 год і з 2012 па 2018 год. Ён выступае супраць санкцый ЕЗ у дачыненні да Расіі, сумняваецца ў тым, што Украіна зможа выцесніць расейскія войскі, якія ўварваліся, і хоча заблакаваць уступленне Украіны ў НАТА. Ён прапануе, каб замест адпраўкі зброі Кіеву ЕЗ і ЗША выкарыстоўвалі свой уплыў, каб прымусіць Расею і Украіну заключыць кампраміснае мірнае пагадненне. «Фіцо падчас перадвыбарнай кампаніі паўтараў крамлёўскія наратывы, сцвярджаючы, што «вайна ва Украіне пачалася не ўчора і не ў мінулым годзе. Яна пачалася ў 2014 годзе, калі ўкраінскія «нацысты і фашысты» пачалі забіваць расейскіх грамадзянаў на Данбасе і ў Луганску», – піша брытанская газета The Spectator.
«Роберт Фіцо перамог Славакію. Той варыянт краіны, які ўяўляла сабе большасьць нацыі пасьля аксамітнай рэвалюцыі 1989 году. Сёння ён прымусіў дастатковую колькасць людзей паверыць, што лібералізм і правы чалавека могуць быць большай пагрозай для грамадзян, чым шырока распаўсюджаная карупцыя і настроі да рэжыму Пуціна. Гады дэзінфармацыйных кампаній дазволілі яму выканаць сваё абяцанне 2018 года, што ён нікуды не дзенецца. Аднак сёння да ўлады цягнецца іншы Фіцо. Больш матываваны крымінальным пераследам сваіх калег і спонсараў Smer, і падтрыманы больш экстрэмальна настроенымі выбаршчыкамі», – папярэджвае брытанскае выданне.
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон прадставіў пашыраную праграму па абароне навакольнага асяроддзя. Плана, які атрымаў назву «Нацыянальная стратэгія», чакалі ўжо даўно. У ім ставіцца за мэту знізіць залежнасць краіны ад замежных энерганосьбітаў, а таксама ажыццяўляць экалагічны пераход у духу сацыяльнай справядлівасці. «Французскі прэзідэнт імкнецца выратаваць не толькі клімат, але і сваю палітычную будучыню», – мяркуе брусэльская газета De Standaard.
«Цалкам відавочна, што Макрон не жадае зноў апынуцца ў сітуацыі, параўнальнай з той, што мела месца падчас паўстання «жоўтых камізэлек». Падобным пазіцыянаваннем Макрон імкнецца таксама выбіць глебу з-пад ног у ўльтраправых. Робячы ўпор на індустрыялізацыю і суверэнітэт, надаючы асаблівую ўвагу рэгіёнам, фермерам і маламаёмасным пластам насельніцтва, абяцаючы зноў утаймаваць тарыфы на электраэнергію, Макрон бярэ на ўзбраенне метады Ле Пэн», – падкрэслівае бельгійскае выданне.
У многіх школах Латвіі ў якасці другой абавязковай да вывучэння замежнай мовы з чацвёртага класа выкладаецца толькі расейская. Многія бацькі лічаць гэта прымусам, і патрабуюць даць іх дзецям магчымасць вывучаць іншую мову. Кіраўніцтва школ заяўляе, што ў іх для гэтага няма настаўнікаў, а таму, маўляў, альтэрнатывы вывучэнню расейскай на дадзены момант не існуе. Згодна з планамі міністэрства адукацыі, расейская мова не будзе вывучацца ў школах толькі з 2026 года. «Якую мову вывучаць? Тут трэба арыентавацца на тое, адкуль да нас прыязджаюць турысты», – мяркуе рыжская газета Diena.
«Самы час скончыць з міфам аб асаблівай ролі расейскай мовы ў Латвіі, не адмаўляючы, вядома, таго, што веданне любой мовы – гэта каштоўнасць. З намі суседнічаюць зусім не толькі Расея і Беларусь, але таксама Літва і Эстонія. Статыстыка па турызме за многія гады сведчыць пра тое, што большасць замежных турыстаў прыязджае да нас з Літвы, а на другім месцы – Эстонія. Такім чынам, нам не пашкодзіла б хаця б крыху размаўляць па-літоўску і па-эстонску. У краіны Балтыі ў цэлым таксама прыязджае шмат турыстаў з Нямеччыны, а таму супрацоўнікам гасцінічна-рэстараннай галіны вельмі не перашкодзіла б веданне нямецкай мовы», – заклікае вядучае латвійскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка