Палітвязня Дзмітрыя Разановіча змясцілі ў ПКТ
Палітзняволенага анархіста Дзмітрыя Разановіча, які адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі № 22, змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ), дзе застанецца ён да сакавіка наступнага года. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы. Раней паведамлялі, што Дзмітрыя неаднаразова змяшчалі ў ШЫЗА, пагражалі перавесці на турэмны рэжым, а таксама пазбавілі спатканняў і перадачаў.
Нагадаем: Дзмітрыя Разановіча затрымалі ў канцы кастрычніка 2020 года. Яго, а таксама анархістаў Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Дубоўскага і Сяргея Раманава абвінавацілі ў падпале аддзелу ДАІ ў Мазыры, будынку Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў у Салігорску і аўтамабіляў каля будынку мясцовай пракуратуры ўвосень 2020 года. Ад гэтых дзеянняў ніхто не пацярпеў, але ўлады абвесцілі здарэнні тэрарыстычнымі актамі.
У снежні 2021 года Менскі абласны суд прызначыў Аліневічу і Раманаву па 20 гадоў калоніі, Разановічу – 19 гадоў калоніі, Дубоўскаму – 18 гадоў калоніі.