Аляксандр Фруман: У мяне асабістая вендэта з лукашэнкаўскім рэжымам
Сённяшні госць Беларускага радыё Рацыя – адзін з лідараў беларускай супольнасці ў Ізраілі Аляксандр Фруман. Аляксандр правёў сваё ўласнае расследаванне і з дапамогай Кіберпартызанаў вылічыў сілавікоў, якія катавалі яго ў жодзінскай турме. Зараз ён вядзе актыўную грамадскую дзейнасць у Ізраілі, і разам з іншымі актывістамі намагаецца трымаць Беларусь у палітычнай павестцы краіны.
Са спадаром Аляксандрам размаўляе Алеся Вербаловіч:
РР: Распавядзіце пра сябе…
– Я нарадзіўся ў Менску, у 1979 годзе. Мае крэўныя з аднаго боку ўвогуле з Расеі, з Тамбова, а з другога боку – палескія жыды з-пад Мазыру, горад Тураў. Мой прадзед нават пісаў ліст да Мікалая ІІ – гэта было прашэнне аб адкрыцці сінагогі ў Тураве. У 1998 годзе, калі мне споўнілася 18 год, я ўжо разумеў, да чаго ўсё ідзе ў Беларусі, бо навучаўся ў юрыдычным факультэце ў гандлёвым каледжы ў Менску. Усё маё навучанне выпала на змену ўсіх законаў у краіне, змену Канстытуцыі 1996 году. Я дачакаўся, калі ўжо атрымаю дыплом, і рвануў у Ізраіль. Мне было 19 год, я ў Ізраілі ўжо 25 год.
І ў жніўні 2020, нават не ведаючы, што там будуць выбары, мы зноў планавалі паездку, купілі квіткі яшчэ ўзімку, і аказалася, што якраз на даты майго прылёту будуць выбары, хоць я і лічыў, што выбары ў Беларусі раўняюцца выбарам Лукашэнкі, і не падазраваў, што можа быць нешта з таго, што адбылося. Калі коратка, то 10 жніўня я ішоў па цэнтры гораду дадому, каб не трапіць у вечаровы час, бо я дагэтуль бачыў з балкону што адбываецца. Раней я бачыў з балкону, як людзей проста затрымліваюць, таму мы спяшаліся дадому, каб закрыцца ў кватэры, і назіраць, што адбываецца. Я не дайшоў літаральна 70 метраў, на мяне наляцелі амапаўцы. Звычайная беларуская гісторыя – РУУС, катаванні, Жодзіна, і потым раптам вызваляюць без суду і нейкіх пытанняў. Яны казалі, што згубілі маю справу, мой пратакол і пашпарт. Ад гэтага часу я ўжо цікаўлюся беларускай тэмай і беларускімі пратэстамі, бо ў мяне асабістая «вендэта» з гэтым рэжымам, прагненне пакараць вінаватых, бо колькі разоў казалі, што выбачаліся перад усімі затрыманымі без віны, перада мною абсалютна ніхто не выбачаўся.
Цалкам гук размовы:
Аляксандр Фруман кажа, што настроены аптымістычна, і спадзяецца, што ўжо бліжэйшыя гады зможа наведаць вольную Беларусь.
Беларускае Радыё Рацыя