БелАЗ і Santa – у ліку найбуйнейшых замежных кампаній ў Расеі
Forbes уключыў беларускія кампаніі БелАЗ і Santa ў рэйтынг 50 найбуйнейшых замежных кампаній у Расеі.
У прыватнасці, вытворца беларускіх самазвалаў прадстаўлены ў рэйтынгу Forbes сваёй даччынай кампаніяй “Гандлёвы дом БелАЗ”. Гэта прадпрыемства заняло 38-е месца з паказчыкам выручкі, які перавышае 961 мільён даляраў за мінулы год. І гэта на чвэрць больш, чым у пазамінулым годзе. Група Santa размясцілася на 39-м месцы з даходам 954 мільёны даляраў. У рэйтынгу ўлічаная выручкай кампаній “Савушкін прадукт” і “Рускае мора”. За год фінансавы паказчык палепшаны амаль на траціну. Такім чынам, Santa зарабляе на расійскім рынку практычна столькі ж, колькі БелАЗ.
Як адзначае Office Life, лідарамі рэйтынгу 50 найбуйнейшых замежных кампаній у РФ па выручцы з’яўляюцца: “Леруа Мерлен”, JT Group, Philip Morris International.
Афрыка “нас” не ўратуе
Беларускі экспарт у Афрыку нязначны, ды яшчэ і падае. Пра гэта падчас нарады, прысвечанай развіццю гандлю з афрыканскімі краінамі, паведаміў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. Паводле яго, добрыя адносіны з кіраўніцтвам некаторых краін кантынента, а таксама палітычныя кантакты на вышэйшым узроўні пакуль не далі канкрэтных вынікаў у выглядзе новых і паспяховых гандлёва-эканамічных праектаў.
У той жа час кіраўнік урада паведаміў і пра негатыўны трэнд у гандлі Беларусі з афрыканскімі краінамі: экспарт айчынных тавараў у гэтым напрамку ў 2022 годзе склаў усяго крыху больш за $200 млн, прычым цяпер дэманструе некаторую тэндэнцыю да зніжэння, што, паводле яго слоў, асабліва трывожна». У той жа час самым высокім гэты паказчык быў у 2019 годзе – $400 млн. Прэм’ер адзначыў, што хоць экспарт беларускіх паслуг у краіны Афрыкі ў гэтым годзе вырас больш як удвая, ён усё яшчэ застаецца нязначным – каля $20 млн. (myfin.by)
Эксперты патлумачылі, чаму даражэе шакалад
З пачатку года цэны на какаву выраслі на сусветных рынках на 47%. Галоўнай прычынай стала чаканне нізкага ўраджаю ў Кот-д’Івуары і Гане з-за дрэннага надвор’я, а таксама распаўсюджванне хвароб раслін, піша Bloomberg. Эксперты агенцтва лічаць, што пагодны феномен Эль-Ніньё (ваганні тэмпературы ў экватарыяльнай частцы Ціхага акіяна) можа пагоршыць сітуацыю са здабычай какавы ў Афрыцы. У выніку цэны на шакалад працягнуць расці.
Office Life заўважае, што пра падаражанне шакаладу ўжо папярэдзілі яго вядучыя сусветны вытворцы. Пры гэтым кампаніі асцерагаюцца, што з ростам цэн попыт на прадукт у Еўропе і Азіі заўважна знізіцца.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота з адкрытых крыніц.