Менскія дынамаўцы абыгралі „Барыс” у чэмпіянаце КХЛ
Хакеісты менскага „Дынама” святкавалі перамогу ў хатнім матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Супернікам „зуброў” па шостым хатнім матчы запар стаў „Барыс” з Астаны, якім кіруе беларускі спецыяліст Андрэй Скабелка. Перад сустрэчай у Менску „Барыс” прайграў чатыры матчы з пяці, але пералімаць няўдалую статыстыку ў гэты вечар не змог. Ужо на 4-й хвіліне сустрэчы Віталь Пінчук вывеў менчукоў наперад, на старце другога адрэзка Раман Гарбуноў падвоіў перавагу, а ў дэбюце трэцяй дваццаціхвілінкі Андрэй Стась усталяваў канчатковы лік – 3:0 на карысць гаспадароў. „Зубры” працягваюць чаргаваць перамогі і паразы. А Андрэй Стась працягвае закідваць: ён вызначыўся ў трэцяй гульні запар. „Зубры” ідуць дзевятымі на Захадзе, у іх 12 ачкоў у 12 матчах.
«Арызона» адправіла Калячонка ў АХЛ
Беларускі абаронца «Арызоны» Уладзіслаў Калячонак адпраўлены ў АХЛ у каманду «Тусон Роўдранэрс». Кантракт 22-гадовага хакеіста разлічаны да канца сезону.
Ферэр назваў склад зборнай Беларусі на матчы з футбалістамі Румыніі і Швейцарыі
Галоўны трэнер футбольнай зборнай Беларусі Карлас Алас Ферэр назваў склад каманды на кастрычніцкія адборавыя матчы Еўра-2024. На трэніровачны збор выкліканы 24 футбалісты. Сярод іх брамнік гарадзенскага „Нёмана” Канстанцін Рудзянок, а таксама яго аднаклубнікі абаронцы Сяргей Карповіч і Ягор Пархоменка. Каманда збярэцца 8 кастрычніка ў Менску і наступным днём адправіцца ў Будапешт, дзе 12 кастрычніка сустрэнецца са зборнай Румыніі. Потым беларусы перабазуюцца ў Санкт-Гален, у якім 15 кастрычніка згуляюць са швейцарцамі.
Герасімаў і Галяк прайгралі ў першым крузе кваліфікацыі турніру АТП-1000 у Шанхаі
Ягор апынуўся слабей за прадстаўніка Тайваня Тун-Ліна Ву 6:4, 6:1, а Мікалай саступіў аўстралійцу Джэймсу Дакворту. Лік сустрэчы – 6:4, 6:3.
На ЧС па тайскім боксе сярод моладзі, юніёраў і юнакоў выступаюць расейцы і беларусы ў нейтральным статусе
У Турцыі стартаваў ЧС па тайскім боксе сярод моладзі, юніёраў і юнакоў. Усяго выступяць 1029 байцоў з 77 краін. Сярод удзельнікаў ёсць украінцы, а таксама расейцы і беларусы, якія выступаюць у нейтральным статусе.
Беларускае Радыё Рацыя