Андрэй Шарэнда: Паліна была моцна збітая ў чэрвені
Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк падчас судовага працэсу, як пачаўся 2 кастрычніка ў судзе Рэчыцкага раёна, агучыла пра ўсе здзекі, якія прымяняюцца да яе за апошні год, кажа яе муж Андрэй Шарэнда:
— Сапраўды, яна была моцна збітая ў чэрвені сёлета, моцна пашкоджаны твар, таксама былі прабітыя ўнутраныя ворганы. Ну і таксама Паліна сказала пра жорсткія ўмовы ўтрымання з якімі яна спатыкалася і ў калоніі, і ў Гомельскім СІЗА. І ў Рэчыцкім ІЧУ яна ўтрымліваецца ў нечалавечых умовах, ёй даводзіцца спаць на падлозе, бо ані матрац, ані асабістыя рэчы ёй не дазволілі мець.
Паліна звярнула ўвагу на той факт, што яе тэрмін у калоніі скончыўся 6 жніўня. І пакуль яна не асуджана, то такія катаванні наогул не могуць быць ўжытыя да яе. Яшчэ таксама ўказала на тое, што сам суд і суддзя нелегітымныя, паколькі яна адмовілася ад беларускага грамадзянства. А факты злоснага непадпарадкавання адміністрацыі надуманыя за яе грамадзянскую пазіцыю.
Беларускае Радыё Рацыя