Ганна Красуліна: Каардынацыйная рада павінна стаяць ля вытокаў дэмакратычнага парламенту
Пасяджэнне Аб’яднанага пераходнага кабінета адбылося напярэдадні ў Варшаве ў закрытым рэжыме. Падчас пасяджэння выступіла дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская, якая ў тым ліку агучыла праграмную прамову, датычную далейшай дзейнасці.
Кажа прэс-сакратар Ціханоўскай – Ганна Красуліна:
– Гэта такая праграмная прамова. Калі мы будзем у новай Беларусі, то гэта будзе перад дэмакратычна абраным парламентам. Сёння ў нас пакуль яшчэ дэмакратычна абранага парламенту няма, але ёсць Каардынацыйная рада, якая ўяўляю сабой вось такі сход прадстаўнікоў недзяржаўных грамадскіх арганізацыяў. І ў пэўным сэнсе яна з’яўляецца прадстаўніком грамадства.
Падчас пасяджэння Аб’яднанага пераходнага кабінета былі названыя асноўныя прыярытэты працы дэмакратычных сіл Беларусі на найбліжэйшы час.
Іх усяго сем:
візуалізацыя Новай Беларусі;
падтрымка рэпрэсаваных;
прыцягненне вінаватых да адказнасці;
дапамога беларусам у выгнанні;
умацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў;
інфармацыйна-асветніцкая праца;
абарона незалежнасці Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя