Арына Сабаленка прабілася ў 1/8 фіналу турніру WTA у Пекіне



Першая ракетка свету Арына Сабаленка прабілася ў 1/8 фіналу турніру катэгорыі WTA-1000 у Пекіне з прызавым фондам 8 мільёнаў 100 тысяч даляраў. У матчы другога раунда Сабаленка адолела брытанскую тэнісістку Кэці Бултэр, якая займае 56-е месца ў сусветным рэйтынгу, – 7:5, 7:6 (7:2). Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 32 хвіліны. У паядынку за выхад у чвэрцьфінал саперніцай беларускі будзе італьянка Ясмін Пааліні (36-ы нумар рэйтынга WTA). У стартавым матчы Арына Сабаленка перамагла прадстаўніцу ЗША Сафію Кенін (31) – 6:1, 6:2.
Спаборніцтвы ў кітайскай сталіцы завершацца 8 кастрычніка.

БАТЭ згуляе з „Энергетыкам-БДУ” ў перанесеным матчы 17-га тура чэмпіянату Беларусі

Футбалісты барысаўскага БАТЭ правядуць чарговы перанесены матч чэмпіянату Беларусі. У паядынку 17-га тура барысаўчане сустрэнуцца са сталічным „Энергетыкам-БДУ”. У першым раўндзе матч гэтых супернікаў завяршыўся ўнічыю – 1:1. На мінулым тыдні БАТЭ з такім жа лікам завяршыў матч з жодзінскім „Тарпеда-БелАЗам”, а „Энергетык-БДУ” – з „Мінскам”. Цяпер барысаўскі клуб знаходзіцца на 6-м месцы, а „Энергетык-БДУ” займае апошнюю, 15-ю пазіцыю ў турнірнай табліцы.

Футбалісты „Напалі” прымуць „Рэал” у цэнтральным паядынку 2-га тура групавога этапа Лігі чэмпіёнаў

На футбольных арэнах Еўропы адбудуцца паядынкі другога тура групавога этапа Лігі чэмпіёнаў. Цэнтральным матчам гульнявога дня стане сустрэча ў Неапалі паміж „Напалі” і мадрыдскім „Рэалам”. Два тыдні таму ў стартавым туры спаборніцтваў групы С абедзве каманды святкавалі перамогі: чэмпіёны Італіі абыгралі на выездзе партугальскую „Брагу” з лікам 2:1, а самы тытулаваны клуб Старога Свету з вялікай цяжкасцю адолеў у іспанскай сталіцы дэбютанта чэмпіёнскай Лігі нямецкі «Уніан» – 1:0. У іншым паядынку нямецкі клуб у сталіцы Германіі прыме футбалістаў „Порту”. У папярэдняй групе А англійскі „Манчэстэр Юнайтэд” згуляе на сваёй арэне з турэцкім „Галатасараем”, а дацкі „Капенгаген” на хатняй арэне будзе супернічаць з мюнхенскай „Баварыяй”. На старце чэмпіёны Германіі перайгралі на сваім полі англічан – 4:3, а чэмпіёны Даніі і Турцыі ў Стамбуле не выявілі пераможцу – нічыя 2:2.

Таксама сустрэчы 2-га тура пройдуць яшчэ ў двух квартэтах:
У групе B ПСВ згуляе з „Севільяй”, а „Ланс” пазмагаецца з „Арсеналам”.
У групе D „Інтэр” згуляе з „Бенфікай”, а „Зальцбург” пазмагаецца з „Рэал Сасьедад”.

Беларускі плывец Леанід Карабейнікаў з рэкордам выйграў марафонскі заплыў SulakRace

Беларускі плывец Леанід Карабейнікаў стаў пераможцам марафонскага заплыву SulakRace у Сулакскім каньёне ў Дагестане, які з’яўляецца самым глыбокім у Еўропе. Спартовец з Оршы праплыў дыстанцыю працягласцю 27 кіламетраў за 7 гадзін 1 хвіліну 28 секунд – гэта рэкорд заплыву, які праводзіўся ўжо пяты раз. Асаблівасць гэтага найцяжэйшага заплыву ў тым, што на працягу 20 км плыўцам даводзіцца плыць супраць цячэння ракі, што вельмі цяжка. На дыстанцыі 11,5 км другім фінішаваў менчанін Аляксандр Маковіч. Год таму ён быў пераможцам на гэтай дыстанцыі.

Беларускае Радыё Рацыя