«Манчэстэр Юнайтэд» саступіў «Галатасараю» у матчы Лігі чэмпіёнаў



У сустрэчы 2-га тура групы А Лігі чэмпіёнаў паміж англійскім „Манчэстэр Юнайтэд” і стамбульскім „Галатасараем” было забіта 5 мячоў. На 17-й хвіліне Расмус Хойлунд адкрыў лік і вывеў манкуніянцаў наперад. Усяго праз шэсць хвілін Уілфрыд Заха зраўняў лік. На 67-й хвіліне Хойлунд аформіў дубль і вывеў гаспадароў наперад. «Галатасараю» хапіла чатырох хвілін пасля гола Хойлунда, каб ізноў адыграцца. На 77-й хвіліне Каземіра збіў Мертэнса ў штрафной і атрымаў другую жоўтую картку. Бразілец быў выдалены з поля. Ікардзі не рэалізаваў пенальці, але праз тры хвіліны ўсё ж адправіў мяч у сетку і ўсталяваў канчатковы лік сустрэчы.

У гульні паміж італьянскім „Напалі” і іспанскім „Рэалам” перамогу святкавалі тытулаваныя госці. „Рэал” вырваў перамогу ў канцоўцы матчу — 3:2. На 19-й хвіліне неапалітанцы адкрылі лік — вызначыўся абаронца Леа Эсцігор. Аднак ужо праз восем хвілін мадрыдцы аднавілі раўнавагу дзякуючы голу Вінісіуса Жуніёра. На 34-й хвіліне вызначыўся хаўбек «Рэала» Джуд Белінгем. На 54-й хвіліне хаўбек «Напалі» Пётр Зеліньскі рэалізаваў пенальці. На 78-й хвіліне голам адзначыўся паўабаронца „Рэала” Федэрыка Вальвердэ. Матч так і завяршыўся – 3:2 на карысць Мадрыда.

Футбалісты нямецкага „Уніёна” не змаглі набраць першыя заліковыя балы ў групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. У Берліне дэбютанты галоўнага кантынентальнага турніру выйгравалі ў партугальскай „Брагі” з лікам 2:0 пасля галявога дубля Шэралда Бекера. Аднак дамагчыся станоўчага выніку „Уніёну” не ўдалося – госці здолелі забіць тры мячы і вырвалі перамогу 3:2.

У квартэце D аўстрыйскі „Зальцбург” прайграў на хатняй арэне іспанскаму клубу „Рэал Сасьедад” – 0:2. Французскі „Ланс” святкаваў валявую перамогу над англійскім „Арсеналам”. На 69-й хвіліне польскі абаронца Пшэмыслаў Франкоўскі здзейсніў рывок па правым краі і прастрэліў у цэнтр штрафной, адкуль зусім нікім непрыкрыты Ваі з ходу прабіў пад самую штангу і прынёс французскай камандзе перамогу 2:1. „Баварыя” працягнула серыю без параз да 36 матчаў, паставіўшы рэкорд. Мюнхенскі клуб пад кіраўніцтвам Томаса Тухеля перамог дацкі «Капенгаген» 2:1. «Інтэр» абыграў «Бенфіку» дзякуючы голу Маркуса Цюрама 1:0. ПСВ і „Севілья” згулялі ўнічыю 2:2.

БАТЭ прайграў „Энергетыку-БДУ” ў перанесеным матчы чэмпіянату Беларусі

Футбалісты сталічнага „Энергетыка-БДУ” абыгралі барысаўскі БАТЭ, перапыніўшы зацяжную серыю без перамог у матчах чэмпіянату Беларусі. У перанесеным паядынку 17-га тура на полі барысаўскага гарадскога стадыёна мінчане выйгралі з мінімальнай перавагай у ліку – 1:0. Адзіны мяч забіў Максім Амельянчук, які вызначыўся на 17-й хвіліне сустрэчы. Падначаленыя Кірыла Альшэўскага прыклалі нямала намаганняў, каб пазбегнуць паразы, але ўсе іх атакі апынуліся безвыніковымі. Для „энергетыкаў” гэта толькі трэцяя вікторыя ў сёлетнім першынстве, яны не выйгравалі з 27 траўня.

Хакеісты „Гомеля”, „Юнацтва” і „Хіміка” святкавалі перамогі ў матчах чэмпіянату Беларусі

Паядынкамі ў Менску, Берасці і Наваполацку ў аўторак працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Адзін з самых „гарачых” клубаў экстралігі, „Гомель”, які святкаваў шэсць перамог у сямі апошніх гульнях, гасцяваў у „Брэста”, які падышоў да сустрэчы з пяціматчавай серыяй паразаў. Пацвярджаючы статус фаварыта, „рысі” хутка захапілі лідэрства ў дзве шайбы, аднак гаспадарам лёду ўдалося адыграцца і перавесці матч у авертайм. Пяці лішніх хвілін супернікам не хапіла, а ў серыі булітаў больш дакладнымі апынуліся гульцы „Гомеля”. Фінальны лік – 3:2. Паралельна ў Наваполацку мясцовы „Хімік” прымаў горшую на дадзены момант каманду чэмпіянату – „Ліду” і перамог 2:1. Таксама „Юнацтва” на хатняй арэне нанесла паразу „Магілёву” з лікам 3:1, два выніковыя балы за мінчан набраў расійскі нападнік Павел Шчарбакоў. Гэтая вікторыя стала для падначаленых Віктара Касцючэнкі чацвёртай запар.

Беларускае Радыё Рацыя