Агляд прэсы: Толькі для сваіх
Урад Беларусі працягнуў забарону на экспарт збожжа, сланечніка і рапсу. Як Азербайджан збіраецца «рэінтэграваць» Нагорны Карабах? Стрыманне эскалацыі гвалту ў Швецыі. Індыя запатрабавала адклікаць з краіны 40 канадскіх дыпламатаў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Савет Міністраў Беларусі пастанавіў падоўжыць на паўгода забарону на вываз з краіны збожжавых культур, рапсу і сланечніка», – цытуе нарматворчыя дакументы дзяржаўнага органа Беларусі ўкраінскае выданне UkrAgroConsult.
«У дакуменце пералічваюцца такія культуры, як пшаніца і жыта, ячмень, авёс, кукуруза, грэчка, проса, трыцікале, іншыя збожжавыя культуры, а таксама насенне рапсу і сланечніка. Для вывазу гэтай харчовай прадукцыі за межы рэспублікі экспарцёрам неабходна атрымаць разавыя ліцэнзіі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю па ўзгадненні з аблвыканкамамі і Менгарвыканкамам. Забарона не распаўсюджваецца на прадукцыю, якая пастаўляецца ў рамках гуманітарнай дапамогі і транзітам. Улады Беларусі ўвялі забарону на экспарт збожжа ў жніўні 2021 года, пасля чаго гэтая мера, закліканая забяспечыць унутраны рынак харчаваннем, падаўжалася тройчы — у сакавіку і верасні 2022 года, а таксама ўвесну 2023 года. Цяперашнія абмежаванні будуць дзейнічаць на працягу паўгода – да сакавіка 2024 года.Мінсельгасхарч Беларусі раней паведамляў, што ўраджай збожжавых у 2023 годзе на 15% меншы, чым годам раней, — каля 6 мільёнаў тон. Ураджайнасць у розных раёнах адрознівалася, а нераўнамернага зніжэння аб’ёмаў не было. Прычына – дынамічна зменлівае надвор’е ў маі і чэрвені. Сёлета Беларусь мае намер закупіць за мяжой мільён тон збожжа. Пры гэтым да 500 тысяч тон будзе закуплена ў Расеі», – паведамляе ўкраінскае выданне.
У канцы верасня кіраўнік Нагорна-Карабахскай рэспублікі Самвел Шахраманян падпісаў указ, паводле якога непрызнаная дзяржава спыніць сваё існаванне 1 студзеня 2024 года. Да двухдзённай ваеннай аперацыі Азербайджана рэспубліка існавала больш за тры дзесяцігоддзі. Увесь гэты час яна была прадметам тэрытарыяльных спрэчак Арменіі і Азербайджана. Незалежнае расейскае выданне Медуза прагназуе будучыню Карабаха і армяна-азербайджанскага канфлікту.
«Няма сумневаў, што мы ўбачылі канец Нагорнага Карабаха такім, якім мы яго ведалі. Мы ўбачылі, як абваліліся надзеі армян на самакіраванне на гэтай тэрыторыі. Цяпер пытанне ў тым, ці захаваецца там хоць нейкая армянская прысутнасць. На нашых вачах завяршаецца гісторыя сэцэсіянізму Нагорнага Карабаха. Але неабавязкова, што назаўжды завершыцца карабахскі канфлікт: верагодна, у будучыні ўнутры Арменіі можа сфармавацца дыяспара карабахскіх армян і яе першае пакаленне яшчэ можа быць зламанае з-за перажытага, але другое і трэцяе пакаленні могуць мабілізавацца і сфармаваць адмысловую супольнасць памяці, у цэнтры якога будуць сённяшнія траўматычныя падзеі. Што да плана рэінтэграцыі Карабаха ў Азербайджан, гэта пакуль невядомая велічыня. Галоўнае пытанне ў тым, ці будзе у жыхароў гэтых тэрыторый, права вярнуцца ў Карабах, і ці змогуць людзі ім скарыстацца. І вядома ж, для армян Карабаха вельмі важнае пытанне ў сувязі з гэтым – гарантыі бяспекі», – канстатуе расейскае незалежнае выданне.
Прэм’ер Швецыі Ульф Крыстэрсан звярнуўся да парламента краіны з урадавай заявай наконт вайны паміж злачыннымі групоўкамі. Прэм’ер мае намер узяць пад кантроль канфлікт, у выніку якога апошнім часам загінула ўжо некалькі чалавек, пры дапамозе увядзення асабістага надгляду, выкарыстання сістэмы распазнання асоб і прадастаўлення ананімнасці сведкам. Абмяркоўваецца таксама і магчымасць прыцягнення вайскоўцаў. Шведская газета Expressen лічыць, што шведскае заканадаўства не ў стане справіцца з праблемай.
«У параўнанні з іншымі краінамі, тэрміны пакарання за злачынствы ў Швецыі невысокія. Швецыя ўвогуле з’яўляецца адзінай краінай у ЕЗ, дзе дачыненне да злачынных груповак не лічыцца крымінальным злачынствам. Калі шведскай паліцыі даводзіцца змагацца з гэтай сістэмнай пагрозай, ёй не хапае эфектыўных законаў для ўціхамірвання кіраўнікоў злачынных сетак, што ў многіх іншых заходнееўрапейскіх краінах з’яўляецца само сабой зразумелым. Тое ж самае тычыцца і тэхнічных сродкаў. Паліцыя не мае права выкарыстоўваць такія эфектыўныя метады, як распазнанне нумарных знакаў. І ў той час як злачынныя групоўкі карыстаюцца паслугамі шыфравання і штучным інтэлектам, шведскія ўлады пазбаўлены магчымасці выкарыстоўваць якую-небудзь кампутарную падтрымку ў сваіх сістэмах кантролю», – піша шведскае выданне.
«Улады Індыі запатрабавалі, каб Канада адклікала каля 40 сваіх дыпламатаў з краіны да 10 кастрычніка», – паведамляе амерыканская газета The Financial Times са спасылкай на крыніцы.
Па словах аднаго з суразмоўцаў газеты, у Нью-Дэлі прыгразілі пазбавіць дыпламатычнага імунітэту тых, хто застанецца пасля пазначанай даты. МЗС Канады і ўрад Індыі адмовіліся ад каментароў.
Як паведамляе Financial Times, раней Нью-Дэлі заяўляў, што хоча дасягнуць парытэту ў колькасці дыпламатычных місій. Паводле інфармацыі выдання, у Канады ў Нью-Дэлі на некалькі дзясяткаў больш дыпламатаў, чым у Індыі ў Атаве, з-за вялікага консульскага аддзела, неабходнага для працы са сваякамі прыкладна 1,3 мільёна грамадзян Канады індыйскага паходжання. Адна з крыніц Financial Times удакладніла, што ў Канады ў Індыі 62 дыпламаты, а Нью-Дэлі настойвае на скарачэнні колькасці дыпмісіі да 41 чалавека.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.