«Беларуская турэмная літаратура» на нашых хвалях



Кнігі з праваабарончай выдавецкай серыі «Беларуская турэмная літаратура» будуць гучаць на нашых хвалях кожны будні дзень а 12.20 гадзіне (прэм’ера) і паўтор той сама дзень у 21.20 і на наступны дзень у 9.20 польскага часу (па беларускім часе – на гадзіну пазней).

Першы твор, якія можна слухаць ужо цяпер, – «Еду ў Магадан» Ігара Аліневіча ў чытанні Стася Дадэркі. Менавіта гэты твор і распачаў выдавецкую серыю, з ёй палітвязень стаў першым лаўрэатам Прэміі імя Францішка Аляхновіча.

Рукапіс дзённіка, напісаны ў турме КДБ, беларускі анархіст здолеў перадаць на волю, і ў сакавіку 2013 года выйшла кніга «Еду ў Магадан». Гэты твор перакладзены на некалькі замежных моваў.

«Кніга “Еду ў Магадан» напісаная мужным чалавекам, бо напісаць такое, седзячы ў турме, мог толькі мужны; напісана таленавітым, бо так, як усё выкладзена, мог выкласці толькі таленавіты чалавек. І сама галоўнае – кніга гэтая напісана чалавекам з адчуваннем уласнай годнасці. Гэта асноўнае, гэта тое, чаго нашаму грамадству на сённяшні дзень бракуе. Праз гэта мы зміраемся шмат з чым у нашым жыцці. Гэта вельмі моцнае чалавечае ўздзеянне, і, думаю, яно паўплывае шмат на каго,” – такую ацэнку твору Ігара Аліневіча даў Уладзімір Някляеў падчас першай прэзентацыі кнігі.

Упершыню Ігар Аліневіч быў арыштаваны 28.11.2010, а дакладней, гвалтоўна выкрадзены спецслужбамі ў Маскве, перавезены ў Менск і змешчаны ў так званую «амерыканку». Быў звінавачаны ў нападзе на амбасаду РФ у Менску і ва ўдзеле ў іншых акцыях анархістаў і пазней засуджаны да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па “справе анархістаў” разам з Мікалаем Дзядком і Аляксандрам Францкевічам. Віну не прызнаў. Вызвалены праз 5 год зняволення ў ліку шасці беларускіх палітвязняў згодна з указам аб памілаванні.

Пасля вызвалення Ігар Аліневіч з’ехаў з Беларусі, але вярнуўся ў 2020 годзе. 28.10.2020 яго разам разам з паплечнікамі затрымалі на мяжы з Украінай і звінавацілі ў тэрарызме. 22.12.2021 Менскі абласны суд агучыў прысуд – 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

На гэты момант палітвязень пераведзены на турэмны рэжым і адбывае зняволенне ў Следчай турме № 8 Жодзіна.

Слухайце творы «Беларускай турэмнай літаратуры» на хвалях Беларускага Радыё Рацыя!