Дыпламаты не паехалі ў прапагандысцкую паездку ў Наваполацк



Дыпламаты Еўразвязу і Вялікабрытаніі не паехалі на запрашэнне МЗС Беларусі сустрэцца ў Наваполацку з украінскімі дзецьмі. Але ў паездку адправіліся дыпламаты так званых «дружалюбных» краін. Гэта краіны СНД, Кітай, Сірыя, Пакістан, Індыя ды іншыя.

Прывезены ўкраінскі хлопчык на мінскім чыгуначным вакзале. Фота: БелТА

На мінулым тыдні стала вядома, што ў Беларусі збіраюцца арганізаваць наведванне замежнымі дыпламатамі, акрэдытаванымі ў Менску, месцаў «пражывання, навучання і аздараўлення» украінскіх дзяцей, вывезеных з акупаваных гарадоў Луганскай вобласці. МЗС Украіны заявіла, што гэтае мерапрыемства мае на мэце легалізацыю незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый. Кіеў заклікаў дыпламатычныя прадстаўніцтвы ўстрымацца ад удзелу ў «прапагандысцкай паездцы..рэжыму».