Падвойная інфармацыйная ізаляцыя Беларусі. Неабходнасць падпольнай журналістыкі
«Міжнародная асацыяцыя навінавых медыя (INMA) прымае заяўкі на стыпендыі ад журналістаў-пачаткоўцаў і дасведчаных журналістаў. Гэта магчымасць пазнаёміцца з галоўнымі аспектамі навінавай індустрыі». Абвестка, якую я працытаваў, чарговы раз нагадвае пра тое, што сучасная Беларусь знаходзіцца ў падвойнай ізаляцыі: знутры і звонку.
Навінавая індустрыя, на маё вока, з і для сучаснай Беларусі выглядае наступным чынам. Мы чытаем каго затрымалі і каго выпусцілі. Мы чытаем пра пагаршэнне эканамічнай сітуацыі. Мы чытаем пра Лукашэнку ў кантэксце яго кручэння-вярчэння з мэтай застацца пры ўладзе і не трапіць у поўную залежнасць ад Пуціна, і факультатыўна чытаем і бачым выкрыццё хлусні ад лукашэнкаўскіх прапагандыстаў.
Тое што заходнія фундацыі набіраюць беларускіх вучняў і стажораў, каб паказаць як правільна працаваць ва ўмовах дэмакратыі, – гэта вельмі добра.
Я з юнацтва бываў на вельмі сур’ёзных трэнінгах ад брытанскай ВВС, французскай RFI, нямецкай DW і шведскага Fojo. Усе гэтыя навучальныя курсы далі шмат карыснага для прафесійнага развіцця. Але кожны раз на заканчэнне заняткаў нам, журналістам з Беларусі, нашы трэнеры казалі, што мы іх шмат чаму навучылі ў кантэксце таго, што адбывалася ў Беларусі, і што нашы цяжкасці вымушалі нас засвойваць унікальныя для Еўропы прыёмы працы.
Ранні лукашызм, развіты лукашызм, сталы лукашызм, позні лукашызм, і цяпер поўны лукашызм. Роўна на колькі дэградавала ўлада, на столькі ж развівалася паралельна дыктатуры свабоднае грамадства, а разам з ім і журналістыка.
Хто прыгадае апошні рэпартаж вольнага журналіста з тэрыторыі Беларусі? Я сходу дык не, хоць год ці паўтара таму такое было яшчэ магчыма, але выглядае як з далёкай эпохі.
Як цяпер працаваць з Беларусі? Бо жыццё працягваецца, большасць людзей застаюцца ў краіне. Адбываюцца пазітыўныя рэчы, пра якія нельга распавядаць, каб не нашкодзіць героям рэпартажаў.
Адначасова гэтае «не нашкодзіць» вельмі эфектыўна грае на руку лукашыстам. Беларусаў як бы няма.
Калі б за мяжой па Беларусі існаваў цэнтр прыняцця рашэнняў, я бы прапанаваў распрацаваць праграму навучання асвятлення падзеяў з Беларусі. З захаваннем ананімнасці журналіста і герояў ягоных рэпартажаў. Але пры гэтым з мэтавай аўдыторыяй унутры Беларусі, якая б мацавала свой дух, сваю веру ў магчымасць зменаў. Атрымліваючы інфармацыю пра тое, што ў краіне ідзе жыццё.
Такі падыход быў бы палітычным рашэннем. І яно магчымае.
Бо нават у брэжнеўскім СССР была магчымасць перадаваць карэспандэнцыю на «Радыё Свабода» ды іншыя варожыя, як казалі камуністы, галасы.
Падпольная журналістыка? Так. Інфармацыйная вайна і ў ёй партызанскі рух? Так. Патрэбнае толькі палітычнае рашэнне.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя