Хто ў Беларусі зарабляе больш і менш за ўсіх
Сярэдняя заработная плата ў Беларусі ў жніўні склала 1962 рублі. Для параўнання: у чэрвені было 1927, а ў ліпені – 1933. У жніўні зарплата павялічылася на паўтара працэнта.
Каму плацяць больш за сярэдні заробак? Паводле звестак Белстату, у жніўні бягучага года ў спіс самых высокааплатных відаў эканамічнай дзейнасці ўвайшлі: “Інфармацыя і сувязь” (5103 руб.), “Фінансавая і страхавая дзейнасць” (2894 руб.), “Прафесійная, навуковая і тэхнічная” дзейнасць” (2462), “Будаўніцтва” (2320), “Прамысловасць” (2169).
У ліку тых, у каго ў жніўні заробак быў ніжэйшы за сярэдні па краіне, аказаліся работнікі лесаводства і лесанарыхтоўкі, настаўнікі, занятыя ў сферы паслуг па грамадскім харчаванні і часоваму пражыванню, выхавацелі дашкольнай адукацыі. Найменшы заробак у жніўні гэтага года налічылі работнікам бібліятэк, архіваў, музеяў – 1078,4 руб, піша Myfin.by.
Казахстан анансаваў увядзенне абмежаванняў на грузавыя перавозкі з Беларусі
Казахстан анансаваў увядзенне абмежаванняў на грузавыя перавозкі з Беларусі. Гаворка ідзе аб транспарціроўцы грузаў трэціх краін шляхам перачэпкі або перагрузкі на беларускай тэрыторыі. Міністэрства транспарту Казахстана папярэдзіла, што згаданая міжнародная перавозка грузаў будзе забаронена з 9 кастрычніка 2023 года.
Як вядома, краіны Еўразвязу забаранілі грузаперавозкі аўтатранспартам, зарэгістраваным у Беларусі і Расіі. Афіцыйны Менск адказаў на гэта забаронай на ўезд аўтатранспарту, зарэгістраванага ў Еўразвязе. Але былі вызначаны месцы для перачэпкі або перагрузкі ў Беларусі. Казахстан для беларускіх перавозчыкаў у траўні выдаў дазвол да 1 студзеня 2024-га. Аднак у выніку датэрмінова яго скасаваў.
Польшча з’яўляецца найбуйнейшым вытворцам яблыкаў у Еўразвязе
Польшча з’яўляецца найбуйнейшым вытворцам яблыкаў у Еўразвязе і чацвёртым вытворцам у свеце. Але пры гэтым спажыванне яблыкаў у краіне падае, перасцерагаюць вытворцы. Хатнія гаспадаркі спажываюць прыкладна 11-12 кілаграмаў яблыкаў на чалавека ў год. Між тым на пачатку 2000-х гадоў спажыванне яблыкаў у Польшчы ацэньвалася ў 23 кілаграмы на чалавека ў год. Вытворцы кажуць пра моцную канкурэнцыю з боку іншай садавіны, у тым ліку экзатычных фруктаў. Таму яны інтэнсіўна прасоўваюць польскія яблыкі, як у краіне, так і за мяжой, у тым ліку, у Аўстрыі, Германіі, Тайландзе, Малайзіі, Егіпце, Іарданіі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.
Ураджай яблыкаў у Польшчы ў 2022 годзе быў на ўзроўні 4,3 мільёна тон, у гэтым годзе мяркуецца, што ён можа скласці прыкладна 3,9 мільёна тон. У мінулым сезоне экспарт яблыкаў з Польшчы склаў 1,2 мільёна тон, паведамляе РАР.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота з адкрытых крыніц.