„Барометр беларускіх гарадоў 2023”: Менск – не першы, на Захадзе – перспектывы, на Усходзе – гарады роспачы
Цэнтр новых ідэй сумесна з Прэс-клубам Беларусь правялі анлайн-прэзентацыю новага даследавання «Барометр беларускіх гарадоў 2023».
Асноўныя вынікі агучыў старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў:
-На першым месцы апынулася Берасце. Людзі казалі, што вельмі задаволеныя і працай музеяў, выставаў, кафэ, бараў, спартовых клубаў і пляцовак. Па-другое, гэта перспектывы. На другім месцы – Гародня. Патрыятызм, гэта любоў да свайго горада, замілаванне ім, не жаданне кудысьці з’язджаць. І Менск толькі на трэцім. Можна было б чакаць, што Менск зойме першае месца, сталіца і гэдак далей, але Менск праваліў такія паказнікі як задаволенасць працай школ і дзіцячых садкоў, гонар за свой горад таксама аказаўся далёка не на першым месцы.
Прычыну, чаму гарады Усходняй Беларусі былі акрэслены жыхарамі «гарадамі роспачы», абазначыў даследчык Міхаіл Мацкевіч:
-Шчыльнасць насельніцтва ў гэтых рэгіёнах меншая, у параўнанні з заходняй часткай Беларусі і Гомельшчынай нават. Да гэтага часу, падаецца, існуе асобная катэгорыя людзей, якія могуць атрымоўваць льготныя крэдыты на будаванне. І гэта менавіта рэгіёны паўднёва-усходняй часткі Магілёўскай вобласці. Гадоў пяць таму там адбывалася ўзбуйненне адміністрацыйных адзінак. Улады рэгіянальныя ці нават цэнтральныя разумеюць праблему менавіта гэтага рэгіёну, але тых захадаў, якія яны прадпрымаюць, бачна, што не хапае.
Таксама на ўспрыманне гарадоў у Беларусі жыхарамі ўплывае і фактар вайны ва Ўкраіне: узровень патрабаванняў да умоваў жыцця зменшыўся. Акрамя гэтага па ўсёй тэрыторыі Беларусі назіраецца зніжэнне злачыннасці ў гарадах у сярэднім на 2-3 працэнтныя пункты.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя