«Мы ўсё тыя ж!» – пенсіянеры зладзілі акцыю ў Беларусі



Тры гады таму прайшоў першы марш пенсіянераў – Марш Мудрасці. З гэтай нагоды пенсіянеры зладзілі акцыю ў Беларусі і даслалі відэа з яе ў чат-бот Офіса Ціханоўскай. На відэа бачныя 5 ўдзельніц з бел-чырвона-белымі сцягамі і плакатам «Мы ўсё тыя ж!». Акцыя прайшла па-партызанску ў лесапаркавай зоне.

Ілюстрацыйнае фота

Лідэрка АПКБ адзначыла: «Тое, што нават у такіх умовах вы паказваеце сваю нязгоду з рэжымам, выступаеце супраць гвалту і хлусні, – сапраўды ўражвае і натхняе ўсіх нас. Сваімі дзеяннямі вы паказваеце ўсяму свету, што беларусы ўсё тыя ж, і мы не здаліся».

Нагадаем, што першы марш пенсіянераў прайшоў 5 кастрычніка 2020 года. Яны абурыліся гвалтам ды хлуснёй з боку ўлады і выйшлі на менскі праспект Незалежнасці. Такія маршы працягваліся кожны панядзелак на працягу двух месяцаў, пакуль не былі задушаныя – супраць старых ужывалі слезацечны газ і гукашумавыя гранаты. Пенсіянераў кідалі на суткі, і іх шмат сярод палітзняволеных.