Колькі жыхароў Польшчы назвалі сябе праваслаўнымі?



Госць Рацыі – Юрка Ляшчынскі – праграмны дырэктар Беларускага Радыё Рацыя, журналіст. Паразмаўляем з ім пра перапіс насельніцтва ў Польшчы. Маем першыя вынікі. Пагаворым пра тое, колькі жыхароў Польшчы назвалі сябе праваслаўнымі.

Юрка Ляшчынскі: Быў перапіс 2001 года і перапіс 2011 года, дзе можна было ўжо гаварыць пра веравызнанне. Але ён праводзіўся ў форме апытанкі, кожнага дзясятага пыталі. А тут кожны мусіў перапісацца і было пытанне пра веравызнанне. Але можна было на гэтае пытанне і не адказваць.

РР: Мы жылі з такім перакананнем, што нас, праваслаўных, у Польшчы каля паўмільёна. І што аказалася?

Юрка Ляшчынскі: І тут трэба сказаць, што перапіс паказаў, што праваслаўных у Польшчы не ёсць паўмільёна,  а намнога менш – 151 тысяча. Столькі чалавек падалі сваё веравызнанне як праваслаўныя. Трэба сказаць адносна ўсіх веравызнанняў, што людзей, якія не захацелі адказваць на пытанне, якога яны веравызнання, 7 мільёнаў 800 тысяч. Гэта даволі многа. 2 мільёны 600 тысяч грамадзян Польшчы сказалі, што яны не хочуць з веравызнаннем нічога мець супольнага, не належаць да ніводнага веравызнання. А пра праваслаўнае веравызнанне ў маштабе краіны заявіла 151 тысяча 648 чалавек. Гэта ў тры разы менш, чым заяўляе самая Царква. Царква гаворыць пра 515 тысяч, 530, некаторы пра 600 тысяч. Але людзі так акрэслілі сябе.

Калі вярнуцца да Беласточчыны, то праваслаўных, якія падалі сваё веравызнанне, усяго 95 тысяч 677 чалавек. Значыць, няма 100 тысяч праваслаўных на Беласточчыне. Значыць няма 10% жыхароў Падляшскага ваяводства праваслаўных. Некаторыя маглі баяцца, сказаць, што не будуць падаваць свайго веравызнання. Але тут таксама даволі цікавая справа. Бо людзей, якія не захацелі падаць свайго веравызнання ў Падляшскім ваяводстве ўсяго 37 тысяч. У Падляшскім ваяводстве рыма-католікамі заявілі сябе 85 %. Сярэдняя лічба ў Польшчы – 71% асобаў заявілі, што яны рыма-католікі.

Беларускае Радыё Рацыя