Улады плануюць увесці адзіны маёмасны плацеж падаткаў



Улады Беларусі плануюць увесці адзіны маёмасны плацеж падаткаў. Так гаворыцца ў праекце змяненняў у Падатковы кодэкс.

Таксама рэзка можа павялічыцца падатак для ўладальнікаў дарагіх аўтамабіляў. Адзіны маёмасны плацеж будзе агульнай сумай падатку на нерухомасць, зямельнага і транспартнага падатку для фізічных асоб. Цяпер беларусы аплачваюць тры гэтыя падаткі асобна да 15 лістапада, піша Reform.by.

Артыкул аб стаўках транспартнага падатку ў праекце прапануецца дапоўніць пунктам, паводле якога на машыны не старэйшыя за тры гады, якія адносяцца да транспартных сродкаў павышанай камфортнасці, падатак будзе налічвацца па стаўках, павялічаных у дзесяць разоў. Калі цяпер падатак на аўтамабіль складае 162 рублі, то для дарагіх і дастаткова новых машын стане 1620 рублёў у год.

Залаты запас – скараціўся

Золатавалютныя рэзервы Беларусі скараціліся ў верасні на 66,2 мільёнаў даляраў. Па стане на 1 кастрычніка яны склалі 7 мільярдаў 925 мільёнаў даляраў, і практычна вярнуліся на ўзровень пачатку года.

Нацыянальны банк ставіць сабе мэту захаваць ЗВР у памеры не менш за 6 мільярдаў даляраў на канец года. Такая ж мэта закладзена і ў параметрах грашова-крэдытнай палітыкі на наступны год, якія нядаўна былі зацверджаныя.

На першым энергаблоку БелАЭС пачаўся рамонт

Першы энергаблок БелАЭС выведзены ў чарговы планава-папераджальны рамонт, паведамляе Міністэрства энергетыкі Беларусі. Такі рамонт праводзіцца на атамных станцыях штогод, каб забяспечыць надзейнасць функцыянавання абсталявання і тэхналагічных сістэм, зазначае Мінэнерга.

Першы энергаблок БелАЭС быў выведзены ў прамысловую эксплуатацыю 10 чэрвеня 2021 года. Сёлета пачалося комплекснае выпрабаванне абсталявання другога энергаблоку.

У эколагаў з самага пачатку працы станцыі ўзнікаюць пытанні наконт яе бяспекі. Таксама занепакоеныя суседнія дзяржавы. Так, Літва неаднойчы заклікала Беларусь прыпыніць эксплуатацыю АЭС праз дэфекты. Электрастанцыю прасілі не эксплуатаваць да таго часу, пакуль не будуць уладкаваныя ўсе пытанні ядзерная бяспекі.

Пракуратура заблакавала сайт праекта Prastora.by

Паводле пастановы пракурора Менскай вобласці заблакаваны сайт інтэрнэт-крамы Prastora.by. Прычынай, як кажуць у пракуратуры, стала тое, што “на гэтым рэсурсе размяшчаліся прапановы набыць кніжныя выданні, уключаныя ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Prastora.by пазіцыянуе сябе як інтэрнэт-крама беларускіх тавараў, дзе можна купіць “кнігі, дыскі і сувеніры, створаныя беларусамі для беларусаў”. Заснавальнік крамы — прадпрымальнік Алесь Квіткевіч.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: petrikov.by