Выбары з беларусамі
Нядзельны пасляабедзенны час першага дня кастрычніка. Надвор’е прыгадала нам, што восень ужо не за гарамі і лясамі. Распешчаным гарачымі вераснёўскімі сонечнымі прамянямі неяк нам дзіўна прывыкнуць да той жоўта-халадаючай пары года. Самому прышлося мне пакарыстацца гарачым надвор’ем мінулага месяца, калі па поўнай праграме можна было купацца ў возеры і цешыцца прыгажосцю Божага свету. Ну і ўзрост спеласці неяк дазваляе больш задумвацца і захапляцца вечнай красой небна-зямнога космасу чалавечага існавання. Пах прыроды жыцця абвостраны асабліва на зломе летне-восеньскага перыяду. Калі вечаровы пікнік у кроплях дажджу і пах соснаў кружыць галовы. Нага за нагою сунецца паволі хараство прыроды ў восеньскім настроі вальса. Эх, неяк пацягнула ў бок настальгіі і прамінання. Бо ж ужо добра разумею, што нічога два разы не здарыцца таксама, а лавіць хвіліны шчасця – гэта ўмеласць пагадзіцца з цячэннем часу свайго зямнога жыцця.
Аднак на польскім, палітычным панадворку тэмпература міжпляменнай вайны і разні з кожным днём да тэрміну галасавання пятнаццатага кастрычніка ўсё ідзе ўгару і ўгару. Ці ж можна перасякаць чарговыя межы абвінавачванняў пра ўсялякія здрады, ігранне на эмоцыях дарослых – адклікаючыся да свету будучыні дзяцей, пужаць апакаліптычнымі вобразамі жыцця ў Польшчы – калі не пераможа менавіта той адзіны лагер улады, ці апазіцыі. І калі нехта ўжо з іх пераможа, то на другі дзень пераможцы будуць выбудоўваць нацыянальную, польскую згоду, над развалам якой доўга працуюць ўжо не першы дзесятак гадоў. Увогуле радыкальнае ўзаемаабвінавачванне патрэбнае відаць зараз, каб прыцягнуць галасы тых крайніх груп грамадства паабапал палітычнай сцэны, якія то ў выпадку роўнай раскладкі галасоў могуць прынесці тую чаканую перамогу. Генеральна зараз можам назіраць за любымі палітычнымі выбарамі ў кожнай краіне, не як за святам дэмакратыі, але як за трактоўкай выбаршчыкаў як бездумнай масы, што мае зрабіць навонкі верагодным інтарэсы гульцоў, што не свецяцца ў выбарчым марафоне. Свет віртуальных тэхналогій і тых жа маніпуляцый дазваляе авалодваць нашымі эмоцыямі і поглядамі, якія фармуюць канчатковасць выбарчага працэсу. Таму такое разуменне выбараў як прадстаўнічая дэмакратыя – здаецца адмірае па сваім першым, сэнсавым значэнні. Але яшчэ раз падкрэсліваю, гэта хвароба цывілізацыйнага характару, якая можа паслаць дэмакратыю на сметніцу гісторыі і ў падручнікі паліталогіі, дзе будзе яна аналізавацца як прайграная сістэма.
Але вяртаемся на наш разагрэты палітычны панадворак і то ў падляшскім яго варыянце. У гэтым годзе, у адрозненні ад грыбоў, атрымаўся ураджай кандыдатаў ад нашай беларускай нацыянальнай меншасці на спісках самых важных польскіх палітычных груповак, якія патрабуюць галасоў, як зямля дажджу гэтай восенню. Сітуацыя нават крыху парадаксальная, бо на некаторых выбарчых лістах ёсць па два, тры і болей гульцоў з беларускім радаводам, што напэўна не прынясе самім кандытатам выбарчага поспеху. Дзеля выбарчай статыстыкі ўдакладняем, што Вы, шаноўныя чытачы «Нівы», можаце згодна са сваімі перакананнямі і поглядамі адшукаць тую адзіную, ці таго адзінага ад нас кандыдата на спіску кіруючага зараз краінай Права і Справядлівасці, апазіцыйных Грамадзянскай кааліцыі, Трэцяй дарогі, Левіцы разам. Умоўна кажучы, нават найбольш фанабэрыстыя нашыя выбаршчыкі маюць абсалютны выбар, каб аддаць свой голас па пераканнаннях, заслугах, ці асабістым знаёмстве з кандыдатам. Дзякуючы штодзённым, выбарчым перадачам пра падляшскіх кандыдатаў у парламент у эфіры Беларускага радыё Рацыя і на сайце racyja.com мы можам з імі і іхнімі поглядамі проста пазнаёміцца. Тое, што заяўляюць яны пра сваю беларускасць нават у выглядзе рэкламных ролікаў у эфіры, то крок у нармальным напрамку сярод толькі ненармальных спраў як хаця б справа беларускіх ліцэяў у Гайнаўцы і Бельску Падляшскім. Ці дапамогуць развязаць яе пераможцы парламенцкіх выбараў у Польшчы пасля 15 кастрычніка 2023 года?
Яўген Вапа, тыднёвік «Ніва», №41, 2023 год