Арына Сабаленка прайграла ў чвэрцьфінале турніру ў Пекіне



Арына Сабаленка прайграла ў чвэрцьфінале турніру катэгорыі WTA-1000 у Пекіне. Сабаленка сустракалася з пятым нумарам класіфікацыі Аленай Рыбакінай з Казахстана. Беларуска саступіла ў двух сэтах – 5:7, 2:6.

Гэта быў першы старт для беларускай тэнісісткі ў рангу першай ракеткі свету. Нагадаю, што Сабаленка стала першай ракеткай 11 верасня гэтага года, абышоўшы Ігу Свёнтэк. Полька, дарэчы, у Пекіне ўжо прабілася ў паўфінал, абыграўшы французскую тэнісістку Каралін Гарсію 7:6 (10:8), 6:7 (5:7), 1:6.

Аляксей Протас закінуў шайбу ў пераможным матчы „Вашынгтона” супраць „Каламбуса”

Гэта адбылося падчас перадсезоннага паядынку, які завяршыўся з лікам 4:2. Беларускі форвард пераможцаў гуляў у трэцім звяне і закінуў шайбу на 13-й хвіліне, зрабіўшы лік 2:0. У агульнай складанасці наш суайчыннік правёў на лёдзе 12 хвілін 59 секунд (19 змен), выканаў два кідкі, заблакаваў адну пагрозу і завяршыў паядынак з паказчыкам карыснасці „+1”.

„Смаргоні” залічана тэхнічнае параза  0:3 у матчы чэмпіянату Беларусі з „Нафтанам”

Гэтае рашэнне было прынятае на паседжанні КДК БФФ. Сам жа паядынак у Наваполацку адбыўся 24 верасня і завяршыўся з лікам 2:2. Таксама „мядзведзі” аштрафаваны на 30 базавых велічынь.
„Смаргонь” парушыла рэгламент чэмпіянату Беларусі ў частцы замен. Справа ў тым, што пяць замен магчымыя толькі ў тым выпадку, калі па ходу сустрэчы на поле выходзіць грамадзянін Беларусі 2002 года нараджэння або маладзейшы. Сярод футбалістаў каманды з Гарадзеншчыны, паднятых з лавы запасных падчас матча, не было такога „лімітчыка”. У абноўленай турнірнай табліцы „Нафтан” з 19 ачкамі займае 11-е месца, а „Смаргонь” з 17 баламі размяшчаецца на 12-й пазіцыі. Тым часам першыя матчы 24-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі сёння пройдуць у Слуцку і Салігорску. „Слуцк” прыме на сваім полі гасцей з мазырскай „Славіі”, а  „Шахцёр” прыме ў Салігорску футбалістаў „Смаргоні”.

Аляксандр Карніцкі застаецца гульцом „Мезекевешда”

Насуперак інфармацыі, якая раней з’явілася, беларускі паўабаронца не пакідаў шэрагі серадняка папярэдняга чэмпіянату Венгрыі. Аб гэтым інфармуе football.by. У экс-гульца зборнай Беларусі кантракт з „Мезекевешдам” разлічаны яшчэ амаль на год, паколькі дзейнічае да наступнага лета. 34-гадовы апорнік прапусціў пачатак гэтага сезона з-за траўмы. Зрэшты, Карніцкі ўжо аднавіўся пасля гэтага пашкоджання. Ён праводзіць паўнацэнныя трэніроўкі і вяртае ранейшыя кандыцыі.

Поль Пагба паўторна праваліў допінг-тэст на тэстастэрон

30-гадовы хаўбек можа быць адхілены на тэрмін ад двух да чатырох гадоў. „Ювентус” разглядае магчымасць скасавання кантракта з футбалістам. Юрысты Пагба маюць намер будаваць абарону на паняцці „недасведчанасці” аб парушэнні антыдопінгавых правіл і на „няведанні” забароненых уласцівасцяў спажыванага прадукта.

Беларускае Радыё Рацыя