Арт-агляд
Безумоўна, галоўная падзея ў культурным жыцці беларусаў на бягучы момант – гэта фестываль «Прадмова», які трывае ў Варшаве 6-9 кастрычніка.
Уладзімір Арлоў, Святлана Курс, Уладзімір Някляеў, Зміцер Лукашук з «Нацыянальнай ідэяй», беларускія музыканты розных мастацкіх кірункаў, філосафы, сярод якіх онлайн Валянцін Акудовіч, якога даўно не было бачна, бо ў Беларусі грамадскае жыццё спыненае тэрорам, а за мяжой толькі пачало наладжвацца.
Поўную праграму вы знойдзеце ў інтэрнэце, набраўшы адно слова – «прадмова».
Фестываль стартаваў у Батумі, пасля Варшавы працягнецца ў Вільні, а скончыцца ў Беластоку.
Гэта досыць маштабнае мерапрыемства, якое вымагае не абы якія фінансавыя і чалавечыя рэсурсы, якія відавочна выдаткаваныя міжнароднымі фундацыямі.
Беларусаў замежжа падтрымліваюць. Як супольнасць, як ідэю, як магчымую будучыню для Беларусі.
Адносна нядаўна быў скандал вакол памяшкання «Моладзевага хабу», дзе Сяргей Бульба выказаўся, маўляў, дасталі вы сваёй культурай, давайце вайсковай справай займацца.
А я з задавальненнем чарговы раз прыгадаю словы Уінстана Чэрчыла пра тое, што навошта перамагаць у вайне, калі пасля не будзе культуры.
Справы, звязаныя са зброяй, вырашаюцца ціха. А культура ва ўсіх яе праявах – гэта энергія нацыі. Тая самая энергія, якую душыць у Беларусі рэжым.
Праглядаючы спіс удзельнікаў фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова», я здзіўляўся адсутнасці тых ці іншых аўтараў. Да арганізатараў яшчэ будзе вельмі шмат крытычных заўвагаў. Будуць і абаронцы з наіўным непрыняццем крытыкі і фразамі кшталту «а што вы хацелі – каб зусім нічога не было?»
Зусім побач з памяшканнем, дзе ладзіцца «Прадмова» у Варшаве, у дварах вуліцы Новы Свят хлопцы з Менску і Віцебску адкрылі публічную прастору «Сцэна Хмельна». Тыя самыя спадары, што ладзілі ў Менску клуб «Графіці», а ў Віцебску клуб «Торвальд».
«Сцэна Хмельна» – гэта цалкам прыватны праект, якому ўсяго пару месяцаў, і які фактычна стаўся асноўнай пляцоўкай для культурных падзеяў у цэнтры Варшавы. Ключавыя словы «цэнтр» і «прыватны».
Жыццё віруе. Размаўляў нядаўна з прадпрымальнікам Дзмітрыем Паповым, у якога адабралі ўвесь бізнес у Менску. Дзмітрый вядомы тым, што актыўна падтрымліваў у Беларусі музычныя праекты. А таксама стварыў мастацкую галерэю.
У эміграцыі Дзмітрый спачатку таксаваў, а пасля адрыў невялікі бізнес па выпечцы ежы. Стомлены, але з усмешкай кажа мне: «Нічога, я чатыры разы з нуля пачынаў».
У будучыні ў Беларусі з нуля пачынаць не давядзецца, бо за мяжой нічога не спынілася.
Беларускае Радыё Рацыя