Першы выдавец паэмы “Сказ пра Лысую гару”



7-га кастрычніка спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка Валянціна Блакіта (1938-2007).

Родам Валянцін Блакіт быў з вёскі Вострава Шчучынскага раёна. Скончыў Скідзельскую СШ № 1 і факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у раённых газетах Шчучына, Воранава, Жалудка, у “Гродзенскай праўдзе”. З 1987 года на працягу 13 гадоў рэдагаваў часопіс “Вожык”.

Валянцін Блакіт быў першым выдаўцом знакамітае паэмы “Сказ пра Лысую гару”. Пісьменнік да самай смерці займаў нацыянальна-адраджэнцкую пазіцыю.

Вялікі ўплыў на творчы лёс Валянціна Блакіта аказала знаёмства яго з Міхасём Васільком, які працаваў у “Гродзенскай праўдзе” і падтрымліваў маладога літаратара. Чулыя, бацькоўскія клопаты старэйшага беларускага паэта стварылі спрыяльную глебу для развіцця, выяўлення таленту будучага пісьменніка.

Першая кніга апавяданняў і гумарэсак “Вынаходнік” Валянціна Блакіта выйшла з друку ў 1974 годзе. Потым былі кнігі прозы “Час прылёту журавоў”, “Шануй сваё імя”, “Усмешка фартуны”, “Вырай” і іншыя. Аснова творчасці празаіка – гэта беларуская вёска, горад з іх складанымі і супярэчлівымі праблемамі – суадносінамі мінулага і сучаснага, жыцця і смерці, адказнасці перад радзімай і народам, самім сабой, чалавечай дабрыні і гонару, кахання і абавязку.

Беларускае Радыё Рацыя