Армянскі каларыт на беластоцкай сцэне
Армянскі каларыт на беластоцкай сцэне, але сугучны з Гамлетам. У Беластоку ў рамках фестывалю «Напрамак Усход» адбыўся спектакль «Чмель» паводле п’есы «Сціплы хлопец» брытанскай сцэнарысткі і драматурга Шарлоты Джонс – паказала трупа Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Габрыэла Сундукяна з Ерэвану. Гэта найбуйнейшы драматычны тэатр Арменіі, яго гісторыя пачалася ў 1921 годзе.
Пастаноўка сучасная, але прычым тут Гамлет ды які галоўны лірычны аспект, тлумачыць рэжысёр Давід Акапян:
– Спектакль называецца “Чмель”. У расейскім перакладзе “Вяртанне чмяля”. Гэтая п’еса ў тэатразнаўстве называецца “Сучасны Гамлет”. Знайшлі добрую п’есу. Хочаш ставіць? А я кажу, што ў Арменіі зараз не тая сітуацыя, на парозе вайны. І я быццам знайшоў п’есу пра нашу сітуацыю. Пра што гэтая п’еса? Не толькі пра Арменію, увогуле пра сучасны свет, пра адсутнасць кахання.
На гэтых выходных у рамках фестывалю «Напрамак Усход» выступаюць яшчэ польскія і македонскія калектывы. Сёння (07.10) – спектакль «Дэкамерон» Беластоцкага тэатра імя Аляксандра Венгеркі, а заўтра ў нядзелю (08.10) – спектакль «Дэманы» Нацыянальнага тэатра ў Бі́талі з Паўночнай Македоніі.
Беларускае Радыё Рацыя