На Меншчыне на чыгунцы з’явіліся патрулі ўзброеных міліцыянтаў



У Менску і на Меншчыне на чыгунцы з’явіліся патрулі ўзброеных міліцыянтаў. Іх бачылі на станцыях, піша „Наша ніва”. Мяркуецца, што гэта наступства дыверсіі, якая адбылася позна ўвечары 5 кастрычніка на станцыі Азярышча ля сталіцы. 

Раней пра тое, што бліжэйшай ноччу сілавікі будуць узмоцнена ахоўваць чыгунку, паведаміў прадстаўнік арганізацыі Belpol Мацвей Купрэйчык. Паводле яго слоў, міліцыянеры ўсіх падраздзяленняў заступаюць дзяжурыць з аўтаматамі. Пра тое, што на станцыі Азярышча пад Менскам, дзе перыядычна грузяць ці разгружаюць вайсковую тэхніку, адбыўся выбух (імаверная дыверсія рэйкавых партызан) пакуль ёсць толькі неафіцыйная інфармацыя. 

„Супольнасць чыгуначнікаў” піша, што быў пашкоджаны ўчастак чыгуначнага палатна і пераводу стрэлак. Магутнасць выбуху ацэньваецца як досыць высокая. Аднак колькі-небудзь сур’ёзных пашкоджанняў інфраструктуры не адбылося. Затрымак цягнікоў не было. 

Вядома, што сілавікі, магчыма, па гэтай справе шукаюць аўтамабіль і траіх мужчын.

Беларускае Радыё Рацыя