У Гародні бацькі выпускнікоў, якія паступаюць за мяжу, атрымліваюць пагрозы
Выпускнікам 2023 года прыходзяць пагрозы ад іх былых класных. У іх патрабуюць неадкладна прадставіць дадзеныя аб ВНУ, дзе яны ці вучацца зараз, ці будуць вучыцца, паведаміла крыніца Hrodna.life. Інакш просяць іх «чакаць гасцей». Якіх менавіта — не ўдакладняюць. Гэта не адзіны такі выпадак: бацькоў выклікаюць на прафілактычныя гутаркі і пытаюцца, што іх дзяцей не задавальняе ў Беларусі.
Крыніца ведае пра два падобныя выпадкі пагроз. Дачцэ аднаго з мужчын пашанцавала — ёй ужо споўнілася 18 гадоў і бацькі не адказваюць за яе.
«Усіх, чые дзеці зрабілі апастыль [дакумент, неабходны для паступлення за мяжу] выклікалі на прафілактычныя гутаркі з начальствам. Усё залежыць ад начальства: недзе было лаяльна, недзе не вельмі. Чым меншы чалавек па пасадзе — тым больш трасуць», — распавяла яшчэ адна крыніца, звязаная са сферай адукацыі ў Беларусі.
Бацькоў пытаюцца, чаму дзіця з’язджае за мяжу: з якой мэтай, што іх не задавальняе. Усё залежыць ад настаўнікаў і дырэктара школы, заўважае крыніца. Хтосьці толькі гутарыць, а хтосьці — пагражае. На сходах у школах бацькам не рэкамендуюць расказваць пра паступленні за мяжу.
Паводле наяўнай інфармацыі, на курсах польскай мовы ў Гародні стала вучыцца менш хлопцаў. З’явілася і новая тэндэнцыя — многія забіраюць дакументы са школ пасля 9-га і 10-га класа. «Баяцца, што дзяцей не выпусцяць потым [за мяжу]. Адпраўляюць у Польшчу ў ліцэі і тэхнікумы, каб там ужо маглі паступіць ва ўніверсітэт, бо пасля 16 гадоў і прыпіскі да ваенкамата могуць забараніць выезд з краіны — гэтага рэальна баяцца бацькі», — распавяла крыніца.
Пра гэта таксама расказваў журналіст Ян Роман, які бачыць, што хлопцы пасля паступлення ў Польшчу не змогуць вярнуцца ў Беларусь з-за войска. Іх вучоба ў Польшчы не будзе лічыцца падставай для адтэрміноўкі.
Чалавек, знаёмы са справамі Саюза палякаў, не ведае пра такія выпадкі пагроз.
У сваю чаргу яшчэ адна крыніца распавяла, што сітуацыя не новая: і летась медалістаў прасілі не казаць пра тое, што яны збіраюцца паступаць за мяжу.