Святлана Ціханоўская выступіла ў падтрымку народу Ізраіля
У сувязі з атакай Ізраіля баевікамі палесцінскай групоўкі ХАМАС Святлана Ціханоўская запісала адмысловы зварот, у якім асудзіла тэрарызм і гвалт і выказала салідарнасць з народам і ўладамі Ізраіля.
«Мы катэгарычна асуджаем гэтую агрэсію і выказваем падтрымку народу Ізраіля ў іх барацьбе за сваю краіну. Тэрарызм і гвалт, захоп закладнікаў і катаванні, забойства мірных грамадзян не могуць быць апраўданыя нічым!» – заявіла Ціханоўская, выказаўшы ўпэўненасць, што «злачынцы, якія развязалі вайну і паквапіліся на ключавыя чалавечыя каштоўнасці, панясуць пакаранне».
Беларуская дэмакратычная лідарка выказала спачуванне сем’ям і блізкім загінулых падчас гэтай вайны і асобна звярнулася да больш як 120 000 беларусаў, якія цяпер жывуць у Ізраілі, з просьбай берагчы сябе і сваіх блізкіх. «Дэмакратычныя сілы Беларусі выступаюць за ўсталяванне міру на Блізкім Усходзе і за мірнае вырашэнне канфліктаў», – падкрэсліла Ціханоўская.