Агляд прэсы: Празмерны спрыт



Літва, Польшча і ЗША асудзілі ў ААН размяшчэнне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. Агульная колькасць ахвяр уварвання ў Ізраілі ўзрасла да 600, баі працягваюцца. Як Еўропе вырашыць кліматычныя і прыродныя выклікі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Сценаграму дыскусіі на пасяджэнні Першага камітэта па раззбраенні і міжнароднай бяспецы апублікавала прэс-служба ААН.

«Прадстаўнік Літвы Арунас Евалтас заявіў, што Беларусь парушае свае абавязацельствы па Дагаворы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі. Паводле яго слоў, будучы ў статусе дзяржавы, якая не валодае ядзернай зброяй, Менск дазволіў яе размяшчэнне на сваёй тэрыторыі. Польскі дыпламат Яцэк Савіч у сваім выступленні адзначыў, што з’яўленне расейскай ТЯЗ ў Беларусі павышае небяспеку эскалацыі абстаноўкі, сур’ёзна ўплываючы на рэгіянальную і глабальную бяспеку. Прадстаўнік ЗША (прозвішча не прыводзіцца) выказаў заклапочанасць заявамі Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што «ён кантралюе ядзерную зброю, якая знаходзіцца ў Беларусі». Амерыканскі дыпламат падкрэсліў, што, згодна з ДНЯЗ, захоўванне і кантроль гэтых узбраенняў — абавязак Расеі. Аднак 13-га чэрвеня падчас паездкі ў Менскую вобласць Лукашэнка пацвердзіў, што ў Беларусь з Расеі дастаўлена частка ядзернай зброі», – піша афіцыйнае выданне News United Nations.

Колькасць загінулых у выніку шырокамаштабнага ўварвання ХАМАС у Ізраілі вырасла да 600 чалавек, калі ў нядзелю ізраільскія салдаты змагаліся з баевікамі на вуліцах і нанеслі ўдары ў адказ ды зраўнялі будынкі ў Газе. Палестынскія афіцыйныя асобы кажуць, што больш за 300 чалавек былі забітыя ў Газе, не робячы розніцы паміж байцамі і мірнымі жыхарамі. «Кароткі абмен ударамі з ліванскай групоўкай „Хезбала” выклікае асцярогі больш шырокага канфлікту», – сочыць за сітуацыяй разам з усім светам ірландская газета The Irish Examiner.

„Больш за 24 гадзіны прайшло пасля беспрэцэдэнтнай раптоўнай атакі з Газы, падчас якой баевікі ХАМАС пры падтрымцы залпаў тысяч ракет прарвалі ахоўны бар’ер Ізраіля і разгуляліся па суседніх населеных пунктах. Яны ўзялі палонных у прыбярэжных анклавах, у тым ліку жанчын, дзяцей і старых, якіх яны, верагодна, паспрабуюць абмяняць на тысячы палестынскіх зняволеных, якія ўтрымліваюцца Ізраілем. Вялікая колькасць загінуўшых, мноства палонных і павольная рэакцыя на атаку паказалі сур’ёзны правал выведкі і падарвалі даўняе ўяўленне, што Ізраіль «мае вочы і вушы» паўсюль на маленькай, густанаселенай тэрыторыі, якую ён кантраляваў дзесяцігоддзямі.

Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў, што краіна знаходзіцца ў стане вайны і спаганяе вялікую цану са сваіх ворагаў. Лідары ХАМАС заявілі, што гатовыя да далейшай эскалацыі. У суседнім Егіпце паліцыянт застрэліў двух ізраільскіх турыстаў і егіпцяніна на турыстычным аб’екце ў Александрыі.

Егіпет заключыў мір з Ізраілем дзесяцігоддзі таму, але антыізраільскія настроі ў краіне вельмі высокія, асабліва падчас прыступаў ізраільска-палестынскага гвалту. Успышка на паўночнай мяжы Ізраіля таксама пагражае ўцягнуць у бітву Хезбалу, лютага ворага Ізраіля, які падтрымліваецца Іранам і, паводле ацэнак, мае ў сваім распараджэнні дзясяткі тысяч ракет», – канстатуе ірландскае выданне.

На з’ездзе Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі прэм’ер-міністр Рышы Сунак выступіў за адмову ад шэрагу кліматычных мэт, за ўзмацненне жорсткасці мер па супрацьдзеянні нелегальнай міграцыі і паслабленні для ўладальнікаў легкавых аўтамабіляў. Плануецца таксама часткова згарнуць праект будаўніцтва высакахуткаснай чыгуначнай магістралі HS2 і давесці яе ад Лондана толькі да Бірмінгема, а не да Манчэстэра, як планавалася першапачаткова. Мяркуючы па выніках апытанняў, на дадзены момант торы істотна прайграюць лейбарыстам. «На істотныя пытанні Сунак пакуль што не даў адказаў», – выказвае незадаволенасць брытанская газета Financial Times.

«Складваецца ўражанне, быццам партыя аддае перавагу дрэйфаваць у бок правага папулізму і барацьбы з вукізмам, замест таго каб знайсці пераканаўчыя рашэнні праблем, з якімі сёння сутыкаецца краіна. А праблем поўны кораб: неабходна стымуляваць інвестыцыі, паднімаць прадукцыйнасць працы, а таксама выкарыстоўваць зялёны пераход для таго, каб падштурхнуць эканоміку, якая прасела. Пасля 13 гадоў знаходжання ва ўладзе кансерватары, судзячы па ўсім, сутаргава спрабуюць знайсці спосабы падоўжыць сваё кіраванне яшчэ на пяць гадоў. Аднак іх новы лідар, радыкальны прагматык Сунак, для пачатку павінен прадставіць пераканаўчае бачанне таго, чым яны ўвогуле збіраюцца займацца ўсе гэтыя гады», – падсумоўвае брытанскае выданне.

Вось ужо многія гады жыхары шэрагу французскіх гарадоў скардзяцца на нашэсце пасцельных блашчыц. І вось зараз гэтая тэма выйшла на палітычны ўзровень. У аўторак на паседжанні Нацыянальнага збору дэпутаты спрачаліся аб тым, як перамагчы гэтых шкоднікаў. Некаторыя народныя абраннікі не заленаваліся прынесці на паседжанне наглядны матэрыял – згаданых шкоднікаў, зняволеных у шкляныя прабіркі. «Зладзіўшы гэты спектакль, палітыкі не даб’юцца нічога», – піша французская газета L’Opinion.

«Гэты маленькі тэатрык быў бы і зусім непрыстойным, калі б ён не агаліў небяспечную і тупіковую дынаміку. У сваім вечным спаборніцтве за права называцца рупліўцамі грамадскага дабра нашы палітыкі сціраюць межы паміж грамадскім і прыватным – коштам усё большага ўварвання ў нашы справы: вось яны ўжо капаюцца ў пасцельнай бялізне! Хоць палітыкі, вядома, робяць гэта з мэтай прадэманстраваць сваю блізкасць да грамадзян, усё гэта імкненне – гэтак жа ірацыянальнае, як і тое шмат у чым уяўнае зло, якое яно заклікана выкараніць, усё больш падрывае іх рэпутацыю: яны інсцэніруюць усемагутнасць, каб схаваць уласнае бяссілле», – наракае французскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя