Беларускія санаторыі добра зарабляюць



Больш за 1 млн беларусаў сёлета ўжо адпачылі ў санаторыях краіны. Таксама айчынныя здраўніцы наведалі больш за 166 тысяч іншаземцаў. З іх 90% – расейцы, расказаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.

З пачатку года выручка санаторыяў склала 244 мільёны даляраў у эквіваленце. Гэта на 22 працэнты больш, чым летась. Выручка ад экспарту паслуг перавысіла 73 мільёны даляраў.

Улетку санаторыі поўнасцю запаўняліся, а па выніках дзевяці месяцаў гэтага года паказчык дасягнуў 84%. Па прагнозах Балбатоўскага, загрузка айчынных здраўніц сёлета можа быць рэкорднай. На навагоднія святы ўжо забраніравана больш як 83 працэнты месцаў у санаторыях. Кошт месца ў здраўніцы ў стандартным нумары ў гэты перыяд у сярэднім каля 110 рублёў, гэта 33,5 даляры. (Office Life)

Беларусь пастаўляе ў Расею польскія яблыкі у абход санкцый

Па інфармацыі харчовага бізнес-партала EastFruit, Беларусь і Казахстан працягваюць у абход санкцый пастаўляць у Расею польскія яблыкі са змяненнем дакументаў аб краіне паходжання. Толькі за першае паўгоддзе Расея такім чынам у рамках “паралельнага імпарту” атрымала ад 50 да 70 тысяч тон свежай яблычнай прадукцыі з Польшчы, і тым самым засталася галоўным рынкам збыту для польскіх фермераў.

“Па нашых даных, польскія пастаўшчыкі яблыкаў выдатна ведалі і разумелі, куды пойдзе і для каго прызначана іх прадукцыя. Паколькі забароны на пастаўкі польскіх яблыкаў у Беларусь і Казахстан няма, то ценявы рээкспарт у Расею адбываўся менавіта праз гэтыя краіны”, — паведамілі аналітыкі партала EastFruit, піша nashaniva.com.

За год продаж легкавікоў у Беларусі вырас у пяць разоў

За верасень чальцы Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі прадалі 2058 легкавых аўтамабіляў. Гэта на 0,8 працэнта вышэй, чым у папярэднім месяцы. У параўнанні з вераснем мінулага года колькасць прададзеных легкавых аўто вырасла больш як у пяць разоў, а вынікі першых 9 месяцаў перавышаюць продажы аналагічнага леташняга перыяду на 13,2 працэнта.

Гэта сведчыць пра тое, што сітуацыя на аўтамабільным рынку стабілізуецца. Гэтаму спрыяе з’яўленне новых аўтамабільных брэндаў на рынку, – адзначылі ў асацыяцыі. Дарэчы, па выніках верасня лідзіруючую пазіцыю на рынку па-ранейшаму займае брэнд Geely, рэалізаваўшы за месяц 1365 аўто, паведамляе news.zerkalo.io.

Куды пастаўляюць на экспарт журавіны з беларускага Палесся?

Сёлета на Палессі плануюць сабраць 200 тон журавін. Ураджай большы за леташні ў два разы. На экспарт пойдзе 50 працэнтаў ягады. Геаграфія паставак – Томск, Хабараўск і Масква, паведамілі на тэлеканале СТВ.

Раней 80 працэнтаў у экспарце сельгаспрадпрыемства “Палескія журавіны” займалі еўрапейскія краіны. Цяпер вырасла доля расейскага рынку. Унутры краіны вытворца прадае журавіны ў сушаным, вяленым і замарожаным выглядзе.

На прадпрыемстве ягаду збіраюць мокрым спосабам. Пад гэтую тэхналогію адвялі 68 гектараў з 80-ці, піша Office Life. Такі ўнікальны для постсавецкай прасторы метад збору журавін выкарыстоўваюць з 1980-х гадоў. Ягаду зрываюць, яна ўсплывае, і з дапамогай трактароў яе сцягваюць у адно месца.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: puteshestvie.club (санаторый “Нарач”)