Даніла Герман: Мы будзем змагацца, пакуль не пераможам
Расея нікуды не пайшла, яна па-ранейшаму спрабуе захапіць украінскую тэрыторыю.
Сляды вайны апошнімі месяцамі не настолькі заўважныя толькі таму, што добра спрацоўвае ўкраінская сістэма супрацьпаветранай трывогі, – распавёў „Госць Рацыі” грамадзянін Украіны беларускага паходжання Даніла Герман. Падрабязней – у гутарцы з Алісай Поль.
РР: Дзе вы знаходзіцеся? Як там выглядае вайна? Як яна адчуваецца?
– Я нарадзіўся і жыву ў Харкаве. Вайну сустрэў у Харкаве. Вайна ідзе далей. Гэта прыфрантавы горад, тут вельмі шмат людзей, якія зараз ваююць, бо тут 30 кіламетраў да Расеі. Вайна ёсць, яна нікуды не дзелася. Людзі проста жывуць, яны гатовыя змагацца за свае правы, за права быць і жыць ва Украіне.
РР: Ці шмат прылётаў па Харкаву? Як спраўляецца супрацьпаветраная абарона?
– Шчыра скажу, учора было, калі я добра памятаю, тры прылёты. Сістэма С-300 спраўляецца з „Шахедамі”, яна спраўляецца з БПЛА, але наколькі я ведаю, яна не спраўляецца з ракетамі. Яны пускаюць іх нізка і мы бачым, што яны проста не паспяваюць. Бываюць сітуацыі, калі ракета падае, і толькі праз некалькі хвілін уключаецца паветраная трывога. Мы пакуль не можам змагацца з гэтым, але думаю, што ў перспектыве ўсё будзе добра.
РР: Ці адчуваецца тое, што Харкаў недалёка ад лініі фронту?
– Як я і казаў, так. Адчуваецца, што мы недалёка. Фронт тут, Расея нікуды не пайшла, яна 30 кіламетраў ад нас. Яны хочуць забраць наш горад, але мы гэтага не хочам. Дрэнна, што мы гэта адчуваем, але гэта дае нам больш матывацыі, каб біцца, дапамагаць ваярам. У гэтым наша пакліканне.
РР: Які настрой у мясцовых жыхароў?
– Працэнтаў 90 кажуць адно: „Вайна да канца”. Ва Усходняй Украіне адна праблема – гэта Расея. Мы ненавідзім Расею з-за таго, што яна робіць з нашым горадам. Мы будзем змагацца пакуль не пераможам, пакуль не вернем усю нашую тэрыторыю. Харкаўчане прагнуць змагацца і яны будуць змагацца за сваё права жыць ва Украіне.
Даніла Герман дадаў, што нягледзячы на тое, што ён нарадзіўся ва Украіне, сэрцам ён заўсёды з Беларуссю. Таму вельмі не хацеў бы, каб краіна была ўцягнутая ў канфлікт.
Беларускае Радыё Рацыя