МВФ палепшыў прагноз па эканоміцы Беларусі



Беларуская эканоміка будзе развівацца і значна больш хуткімі тэмпамі. Такую выснову можна зрабіць, глянуўшы на новы прагноз Міжнароднага валютнага фонду, які датычыць Беларусі. Так, раней банк прагназаваў сёлета рост валавога ўнутранага прадукту Беларусі на 0,7 працэнта, а цяпер прагназуе на 1,6 працэнта. У наступным годзе чакалася прыбаўка ВУП на 1,2 працэнта, а цяпер – на 1,3 працэнта.

Аналітыкі прагназуюць, што інфляцыя па выніках гэтага года ў Беларусі складзе 4,7%, а ў наступным – 5,7%. Раней чакалася, што гэтыя паказчыкі будуць на ўзроўні 7,5 і 10,1 працэнтаў адпаведна. Нагадаем, урад Беларусі паставіў мэту дасягнуць па выніках года росту ВУП на 3,8 працэнта.

Беларускія тавары ў Менску будуць прадавацца са скідкамі

Беларускім вытворцам плошчы ў буйных гандлёвых цэнтрах будуць здаваць са скідкай.

Такое пагадненне падпісалі прадстаўнікі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю разам з зацікаўленымі бакамі. Гаворка ідзе аб прадастаўленні не менш як 15-працэнтнай скідкі на арэнду, а таксама арэндных канікул да трох месяцаў беларускім вытворцам. Гэта звязана з тым, што ў першыя месяцы пры адкрыцці гандлёвага аб’екта ў вытворцы ўзнікае шмат затрат, звязаных з рамонтам, размяшчэннем рэкламы і гэтак далей. Уладальнік гандлёвага цэнтра і вытворца могуць выбраць для супрацоўніцтва адну або некалькі льгот, а таксама дамовіцца пра іншыя прэферэнцыі. Сталічныя ўлады хочуць, каб у перспектыве прынамсі палова ўсіх гандлёвых плошчаў належала айчынным вытворцам. Маўляў, “яны таго вартыя”.

Польшча ўсталюе поўны кантроль над газаправодам “Ямал-Еўропа”

Польская група Orlen атрымае поўны кантроль над участкам газаправода “Ямал-Еўропа” на тэрыторыі Польшчы. Кампанія “ЕўраПолГаз”, акцыі якой маюць поўнасцю перайсці да энергетычнага гіганту Orlen, атрымала згоду Міністэрства развіцця і тэхналогій на набыццё долі акцый, якая раней належала “Газпрому”. Сам “Газпром” трапіў у польскі нацыянальны санкцыйны спіс, яго актывы ў Польшчы замарожаныя, у тым ліку акцыі.

Калі ўсе фармальнасці будуць выкананыя, участак газаправода пяройдзе цалкам да Orlen, які стане фармальна ўладальнікам польскай часткі газаправода “Ямал-Еўропа” працягласцю 684 кіламетры.

У Парыжы з аўкцыёну прададуць карціны Шагала і Суціна

На аўкцыёне Sotheby’s 20 кастрычніка можна будзе набыць карціны мастакоў “Парыжскай школы”, якія родам з Беларусі — Хаіма Суціна і Марка Шагала. Найбуйнейшы аўкцыённы дом правядзе ў Парыжы таргі творамі мастацтва, якія належаць пэндзлю самых яскравых прадстаўнікоў імпрэсіянізму і мадэрну, піша “Наша Ніва”.

600-800 тысяч еўра заяўлена на карціну Хаіма Суціна “Сельскі пейзаж у Серы”. І гэта толькі пачатковы кошт, які падчас аўкцыёну пры попыце можа значна вырасці. Таксама Sotheby’s прапануе аматарам сучаснага мастацтва яшчэ дзве працы ўраджэнца Віцебска Марка Шагала. Гэта “Кветкі, грушы і вінаград” і “Два букеты” за 220-350 і 200-300 тысяч еўра адпаведна.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота з адкрытых крыніц.