Наталля Васілевіч: Зняволеныя вернікі ў Беларусі зведваюць дадатковую дыскрымінацыю ў турмах
Беларуская ініцыятыва «Хрысціянская візія» прадставіла новы маніторынг пра тое, як зняволеных у Беларусі абмяжоўваюць у правах на веравызнанне. Камандзе аналітыкаў удалося сабраць і задакументаваць разнастайныя факты пра дыскрымінацыйныя дзеянні супрацоўнікаў пенітэнцыярных устаноў Беларусі ў дачыненні да затрыманых, арыштаваных і зняволеных у сувязі з іх правамі на свабоду рэлігіі.
Вольга Сямашка пагутарыла з тэолагам, прадстаўніцай «Хрысціянскай візіі» Наталляй Васілевіч пра асноўныя парушэнні ў дачыненні да палітвязняў вернікаў у беларускіх турмах; чаму ў турмах адбіраюць нацельныя крыжы і не дазваляюць чытаць Біблію па-беларуску; і ці могуць дапамагчы ў такой сітуацыі афіцыйныя цэрквы і прадстаўніцтвы міжнародных арганізацый у Беларусі.
РР: Вельмі важнае даследаванне размясціла «Хрысціянская візія», адносна правоў беларускіх вязняў на веравызнанне. Як бы вы ахарактарызавалі асноўныя праблемы тых, хто сёння знаходзіцца ў беларускіх турмах?
Наталля Васілевіч: Тыя людзі, якія знаходзяцца ў турмах па палітычных прычынах, яны дыскрымінаваныя нават у параўнанні з іншымі вязнямі. Іншым вязням штосьці дазваляецца, што прадугледжана нормамі і правіламі ўнутранага распарадку. Да палітычных зняволеных ужываецца адмысловая дыскрымінацыя. То бок, калі ёсць храм на тэрыторыі калоніі і туды можна хадзіць іншым зняволеным, то палітычным нельга. Іх абмяжоўваюць нашмат больш, чым іншых вязняў.
РР: Сярод розных парушэнняў выдзяляецца асобна такое, як адабранне прадметаў культа, нават нацельных крыжыкаў.
Наталля Васілевіч: Так, мы адзначылі, што ланцужкі, на якіх крыжыкі знаходзяцца, іх могуць адбіраць. Але калі крыжык не з каштоўных металаў, ці ён ўвогуле можа быць не металічны, напрыклад, драўляныя, або ламінаваныя іконкі, ім кідаюць крыжыкі пад ногі. Гэта проста прыніжэнне годнасці чалавека. Многія людзі ставяцца да сваіх нацельных крыжыкаў з пашанай, для іх гэта важны сімвал. Так нельга рабіць каб людзей прыніжаць, зневажаць.
Цалкам размова:
З «Госцяй Рацыі» – тэолагам, прадстаўніцай «Хрысціянскай візіі» Наталляй Васілевіч, размаўляла Вольга Сямашка.
Тэкст маніторынгу даступны тут.
Беларускае Радыё Рацыя