Ехаць ці не ехаць у Беларусь на Новы Год? Лукашэнкаўская рулетка
У беларускіх пабліках Польшчы і Чэхіі віруюць жарсці. Людзі, якія дзівам выбраліся з Беларусі, мінаючы пагрозы быць затрыманымі, з абурэннем, часам пагардай, каментуюць суайчыннікаў, якія згубіліся ў сваіх інфармацыйных балатах з уяўленнямі пра Беларусь узору 2018 году.
Для мяне самая паказальная гісторыя пра наіўнасць і не інфармаванасць падчас перасячэння беларускай мяжы звязаная з маладым японскім мастаком.
Справа былал яшчэ ў адносна траваедныя часы, нават з вонкавай як бы беларусізацыяй. Хлопец спачатку прыехаў паглядзець Украіну. Там яму ветэран АТО, дэ-факта пачатку вайны Расеі супраць Украіны, падараваў бралок для ключоў, зроблены ад аўтаматнай кулі.
Куля небяспечная толькі ўнутры патрона, зараджанага порахам, а сама па сабе проста кавалак металу. АлеяЯпонец адседзеў не адзін месяц у Гомельскім СІЗА за „кантрабанду зброі”.
Але японец не проста замежнік, а лічы чалавек з іншай планеты. А самая драматычнай гісторыя адбылася з беларускай, якая завяла раман праз інтэрнэт з міліцыянтам, паверыла, што ёй няма пагрозы, прыехала і атрымала чатыры гады зняволення за ўдзел у падзеях 2020 году.
Сёння беларусаў усяляк спрабуюць літаральна выкалупаць з-за мяжы. І дадзеныя свае пра віды на жыхарства дашліце, і пашпарты замяняць цяпер толькі ў Беларусі, і нерухомасць прадаваць з-за мяжы нельга.
Сістэма даўно працуе сама па сабе, без Лукашэнкі. Гэта яшчэ гадоў дзесяць таму дыктатару хапала здароўя і з арабскімі шэйхамі цёмнымі справамі займацца, і паказваць у калгасах як карову трэба правільна даіць, і бульбу перабіраць па тэлефоне як у тым анекдоце.
Запусціўшы ў 2020 годзе прынцып «інагда не да законаў», Лукашэнка выпусціў джына беззаконня.
«Што там на граніцы, калі ўязджаеш?» – «Нармальна, нас учора не зачапіла». Адзін з тыповых дыялогаў. А тое, што тых, каго зачапіла, вам адказаць не могуць, бо затрыманыя, вам логіка не падказвае? Рытарычнае пытанне.
Большасць рэпрэсіяў лукашыстаў не прыцэльныя, а веерныя. Гэта як бы страляць па кустах на ўзлеску, у спадзеве, што хоць адна куля трапіць у партызана.
Таму мая парада тым, хто засумаваў па сваіх бацьках, купляйце білеты ў Грузію ці Турцыю, ці куды яшчэ, дзе грамадзянам Беларусі не патрэбная віза, і там сустракайцеся. Не гуляйцеся ў лукашэнкаўскую рулетку.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя