Агляд прэсы: Пазбегнуць фіяска
Як Расея актыўна супрацоўнічае з беларускай прамысловасцю для нарошчвання вытворчасці боепрыпасаў ХАМАС і Ізраіль: ці чакаць наземнага наступу на Газу? Ці будзе ў Польшчы змена ўрада? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Расейская Федэрацыя выкарыстоўвае Беларусь для павелічэння вытворчасці боепрыпасаў. Расея спрабуе аднавіць вытворчасць і выйсці на даваенны ўзровень ці нават перасягнуць яго», – папярэджвае ўкраінскае выданне Ukrainska Pravda.
«Расейскі план па вытворчасці снарадаў — 2,1 мільёны снарадаў у 2024 годзе. Але Расея не змагла б дасягнуць гэтай колькасьці без дапамогі іншых краінаў, у якіх яны могуць запазычыць камплектуючыя, у тым ліку порах. У мэтах ажыўлення і нарошчвання вытворчасці Расея актыўна супрацоўнічае з беларускай прамысловасцю. З пачатку лета 2023 года Расея выкарыстоўвае боепрыпасы, якія ў асноўным захоўваліся на іх складах – вырабленыя больш за 30 гадоў таму, і, паводле звестак Мінабароны Украіны, толькі палова гэтых боепрыпасаў знаходзілася ў працаздольным стане. З пачатку кастрычніка Расея выкарыстоўвае на полі бою амаль 15 тысяч боепрыпасаў у дзень. Пры гэтым у верасні New York Times паведаміла, што Расея здолела пераадолець санкцыі і экспартны кантроль, уведзеныя Захадам, і цяпер вырабляе больш боепрыпасаў, чым ЗША і Еўропа. Паводле звестак Forbes, за паўтара года з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расея выдаткавала на вайну супраць Украіны каля 167,3 млрд даляраў», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.
Пасля крывавага нападу на Ізраіль, распачатага ў мінулую суботу ісламістамі ХАМАС, урад у Іерусаліме абвясціў стан вайны. На дадзены момант робяцца спробы дамагчыся вызвалення ізраільскіх закладнікаў, якія былі вывезены баевікамі ХАМАС у Газу. Колькасць забітых з ізраільскага боку перавышае 1 200 чалавек, паводле звестак Ізраіля, удалося ліквідаваць сама меней 1 000 узброеных палестынскіх баевікоў. Лісабонскі штотыднёвік Expresso указвае на небяспекі, якія могуць узнікнуць у выпадку акупацыі сектара Газа Ізраілем.
«Калі Ізраіль рушыць услед па шляху ЗША і ўвяжацца ў бясконцую і невыразна вызначаную 'вайну супраць тэрарызму’, увёўшы войскі ў сектар Газа, з тым каб цалкам ачысціць яго ад ХАМАС, то ў яго паўстане праблема, з якой у свой час сутыкнуліся амерыканцы ў Афганістане і Іраку: а што будзе пасля? Хто запоўніць вакуум улады? У Афганістане да ўлады вярнуліся тыя ж людзі, у Іраку больш за дзесяць гадоў панавала поўная анархія, якая спарадзіла нешта больш небяспечнае, чым Садам, а менавіта – ІДзІЛ, чый перакручаны нацысцкі гвалт зараз прайгравае ХАМАС. Узброенае ўварванне не з’яўляецца рашэннем праблемы», – папярэджвае партугальскае выданне.
У гэтую нядзелю ў Польшчы пройдуць выбары ў парламент. Выбаршчыкам трэба зрабіць выбар паміж апазіцыяй , якая сфармавала шырокі блок, і партыяй ПіС, якая ўжо даўно знаходзіцца ва ўладзе. Лічыцца, што апазіцыйны альянс вакол былога старшыні Еўрапейскай рады Дональда Туска мае нядрэнныя шанцы атрымаць перамогу і сфармаваць кабінет, які прыйдзе на змену цяперашняму ўраду. «Еўропа нервова пазірае на Польшчу», – прыкмячае дублінская газета The Irish Times.
«Гэтыя выбары акажуць немалы ўплыў на Еўропу ў цэлым. Перамога ПіС можа стаць магутным імпульсам для росту папулізму і еўраскепсісу напярэдадні выбараў у Еўрапарламент, якія павінны адбыцца ў наступным годзе. Параза ПіС, наадварот, магла б пазітыўна адбіцца на балансе сіл ўнутры ЕЗ, прыслабіўшы вельмі дэстабілізуючую ролю прэм’ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана, якая нядаўна ўзмацнілася ў выніку перамогі Раберта Фіцо ў Славакіі, а раней – Джорджыі Мелані ў Італіі», – піша ірландскае выданне.
У Фінляндыі і Эстоніі пачата расследаванне па факце пашкоджання газаправода Balticconnector, які злучае абедзве краіны і праходзіць па дне Балтыйскага мора. У мінулыя выходныя ў трубаправодзе адбылося рэзкае падзенне ціску. Згодна з заявай фінскіх уладаў, пашкоджанне, па ўсёй верагоднасці, было выклікана вонкавым уздзеяннем. Прадстаўнікі паліцэйскай службы ўдакладнілі, што размова ідзе пра механічнае ўздзеянне пакуль невызначанага характару. «Калі гэта зрабіла Расея, то тым самым яна распісалася ва ўласнай слабасці», – піша фінская газета Keskisuomalainen.
«На дадзены момант варта зыходзіць з таго, што за ўсім гэтым стаіць Расея. Аднак можа стацца і так, што тое, што адбылося, выклікана іншай знешняй прычынай. Фінляндыі трэба спакойна глядзець на гэтую сітуацыю. Не варта даваць Расеі падставы думаць, быццам гэтыя інцыдэнты на марскім дне хоць неяк устрывожылі фінаў, ці выклікалі ім асцярогі. Гэта не так. Калі гэта справа рук Расеі, то тым самым яна толькі пацвердзіла сваю слабасць. Краіна-сусед не здольная на больш значныя ўчынкі, а таму і паводзіць сябе як пяцігадовы хуліган у пясочніцы», – адзначае фінскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя