Генадзь Коршунаў пра мігранцкі крызіс
Як можна вырашыць мігранцкі крызіс, які працягваецца на межах краін Еўразвязу з Беларуссю? Хто кантралюе гэтую сітуацыю, і ці мае яшчэ Лукашэнка рычагу ўплыву на яе?
„Госць Рацыі” – сацыёлаг, старшы эксперт Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў – адказвае на пытанні Яны Запольскай:
РР: Кірунак нелегальнай міграцыі перакінуўся на Латвію. Ці гэта пра нешта сведчыць, ці гэта хаатычныя працэсы?
– Сапраўды трэба адзначыць, што пасля апошняга тыдня верасня адбыўся такі невялікі спад. Гэта быў такі другі вялікі пік наплыву мігрантаў, першы быў, падаецца, у ліпені. Гэты вераснёўскі – сапраўды быў найвялікшы пік. Былі самыя вялікія паказчыкі за ўвесь год. Калі казаць адносна размеркавання мігрантаў, то насамрэч бачна, відавочна, што ёсць пэўнае кіраванне гэтым працэсам. З аднаго боку, гэта вельмі бачна было падчас саміту NATO у Вільні. Тады фактычна беларуска-літоўская мяжы была нібыта пад забаронай для мігрантаў. Іх перанакіравалі. З аднаго боку хутчэй за ўсё было невялікае адгалінаванне ад асноўнай плыні, яно пайшло на Польшчу, але асноўны ціск быў усё ж такі на Латвію. Пры гэтым можна глядзець на агульныя лічбы. Але яны больш паказальныя, вось гэтыя дадзеныя, калі мы бяром пад увагу агульную працягласць межаў, а яна вельмі розная. Я проста нагадаю, што беларуска-літоўская мяжа агулам амаль 700 кіламетраў, беларуска-польская пад 400, а беларуска-латвійская – меней за 200. Улічваючы гэта, калі мы бачым, што туды ідзе больш мігрантаў, чым на Літву і на Польшчу. Трэба разумець, што ціск адбываецца на вельмі кароткіх адрэзках. Чаму так адбываецца – падаецца, што ўладам Беларусі ціснуць на Польшчу праблемней.
Беларускае Радыё Рацыя