Палітвязень Віктар Бабарыка мае праблемы з сэрцам
Аб’яднанне былых сілавікоў BELPOL інфармуе, што Віктара Бабарыку па-ранейшаму трымаюць аднаго ў памяшканні камернага тыпу. У яго ёсць праблемы са здароўем — збоі ў працы сэрца. Таксама BELPOL паведамляе акалічнасці таго, як Бабарыка ў ноч на 25 красавіка трапіў у бальніцу.
Да яго, нібыта, прыязджалі на т. з. „прафілактычную гутарку” сілавікі, якія не ўваходзяць у персанал калоніі. „Гутарка” перарасла ў жорсткую акцыю застрашвання, пасля якой палітвязня даставілі ў лякарню. 19 кастрычніка ў Вярхоўным судзе Беларусі адбудзецца разгляд справы ў дачыненні да Бабарыкі і яшчэ 7 чалавек, якія раней праходзілі па «справе Белгазпрамбанку».
Таксама ў ПКТ Наваполацкай калоніі трымаюць Ігара Лосіка, але ён не адзін — за ім назіраюць іншыя зняволеныя. Як і Бабарыка, Лосік знаходзіцца ў „інфармацыйным вакууме”: абодвум забароненыя наведванні адвакатаў і спатканні са сваякамі, карэспандэнцыю ім не перадаюць. У ПКТ Ігар трапіў пасля правакацыі адміністрацыі. Яго спрабавалі прымусіць прыбіраць санвузел, што для зняволенага аўтаматычна азначае „нізкі сацыяльны статус”. На знак пратэсту Лосік парэзаў сабе шыю. Цяжкіх пашкоджанняў не атрымаў. У BELPOL падкрэсліваюць, што гэта не першая спроба суіцыду з боку Лосіка.
Беларускае Радыё Рацыя