Андрэя Толчына вінавацяць у шкодзе інтарэсам нацыянальнай бяспекі
Стала вядома імаверная прычына затрымання ў Гомелі былога журналіста-фрылансера, дэмакратычнага актывіста Андрэя Толчына. Яго абвінавачваюць паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса — “Заклікі да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь”, піша БАЖ.
Санкцыі паводле артыкула — да трох гадоў пазбаўлення волі. Калі ж будзе прызнана, што такія дзеянні ўчыненыя з выкарыстаннем СМІ альбо інтэрнэту, то пакаранне можа быць цяжэйшым — да пяці гадоў няволі.
Сілавікі затрымалі 63-гадовага Андрэя Толчына ў канцы верасня і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. На наступны дзень пасля затрымання ў кватэры, дзе Андрэй жыў з жонкай, правялі ператрус. Следчыя забралі камп’ютарную тэхніку ды іншыя лічбавыя носьбіты. Неўзабаве пасля ператрусу Толчына перавялі ў СІЗА-3 на вуліцы Кніжнай.